Да 100 зьнічак на гадзіну можна будзе пабачыць на бясхмарным небе ўначы з 12 на 13 жніўня.

Зьнічкі Пэрсэіды.
Фота Mila Zinkova

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Абсэрваторыі БДУ, менавіта тады самы значны й відовішчны мэтэорны паток году — Пэрсэіды — дасягне свайго піку.

Гэты зорны дождж штогод «праліваецца» на Зямлю з канца ліпеня да канца жніўня. У добрае надвор’е назіраць успышкі мэтэарытаў, якія згараюць, можна нават няўзброеным вокам. Для лепшае бачнасьці астраномы раяць выйсьці на адкрытае месца, далей ад гарадзкіх агнёў ды ілюмінацыі.

Мэтэорны паток Пэрсэіды зьвязаны з камэтай Сўіфта‑Тутля, якая абарачаецца вакол Сонца з пэрыядам каля 130 гадоў. Апошняе вяртаньне гэтай камэты да Сонца назіралася ў 1992 годзе, цяпер яна рухаецца да вонкавых межаў Сонечнай сыстэмы. З 5 жніўня паток заўважна набірае актыўнасьць.

Росчыркі Пэрсэід праецыруюцца на сузор’е Пэрсэя, адсюль такая назва.

Апроч Пэрсэід, у ліпені‑жніўні праходзяць таксама мэтэорныя дажджы. Паўднёвыя Акварыды (12 ліпеня — 19 жніўня, максымум 20 мэтэораў у гадзіну), Паўднёвыя Пісцыды (12 ліпеня — 10 жніўня, максымум 5 мэтэораў у гадзіну), Капрыкарніды (3 ліпеня — 15 жніўня, максымум 4 мэтэоры ў гадзіну), але яны не такія значныя.

«Новы сэзон касьмічных дажджоў адкрыецца для жыхароў Беларусі ў кастрычніку, але такога, як у жніўні, вы ўжо ня ўбачыце. Жнівень — самы зорны месяц у годзе», — адцемілі ў Абсэрваторыі БДУ.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0