Суд Фрунзенскага раёна Мінска два дні абвяшчаў прысуд 12 фігурантам крымінальнай справы. Па версіі следства, яны рабілі урэзкі ў трубаправод і выкралі 80 тон дызельнага паліва. Абвінавачаных прысудзілі да 3,5−11 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Tut.by

Фота: Кацярына Барысевіч, TUT.BY

Фота: Кацярына Барысевіч, TUT.BY

Жыхароў Віцебскай вобласці абвінавацілі ў тым, што два гады яны кралі дызельнае паліва, прычыніўшы шкоду на суму ў 102 481 рубель. Амаль усе абвінавачаныя сваю віну адмаўляюць, у тым ліку былы міліцыянт Сяргей Кісляк. З 2004-га па 2012 год ён быў першым намеснікам начальніка Мёрскага РАУС, потым сышоў на пенсію.

На абвяшчэнне прысуду ў Мінск з Віцебскай вобласці прыехала каля 50 чалавек, у зале быў аншлаг. За кратамі — супрацоўнік Таварыства ратавання на вадзе, слесар, індывідуальны прадпрымальнік, ахоўнік. Прысуд суддзя зачытвала два дні, на поўным абвяшчэнні настаялі адвакаты.

Суд Фрунзенскага раёна Мінска апраўдаў некалькіх абвінавачаных па ч. 1 ст. 309 КК «Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін», але прызнаў усіх 12 фігурантаў вінаватымі ў крадзяжы і прысудзіў да пазбаўлення волі. Былы міліцыянт Сяргей Кісляк бліжэйшыя 7 гадоў правядзе за кратамі, арганізатар Віктар Шылінскі — 11. Сямёра атрымалі ад 3,5 да 6 гадоў. Ва ўсіх будзе канфіскаваная маёмасць. Яшчэ трое абвінавачаных атрымалі адтэрміноўку пакарання і адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе.

Нагадаем, суд пачаўся ў сакавіку. Усе 12 чалавек абвінавачваліся па ч. 4 арт. 205 КК «Крадзёж, здзейснены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры», санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, яшчэ пяцярых таксама абвінавачвалі па ч. 1 ст. 309 КК «Наўмыснае разбурэнне магістральнага трубаправоднага транспарту». А дзеянні ахоўніка лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Дзісна» Уладзіміра Яроменка кваліфікавалі па ч. 3 арт. 424 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі».

Па версіі следства, былы міліцыянт Сяргей Кісляк інфармаваў групу, тэлефанаваў і папярэджваў: «Глядзіце акуратна, сёння здзейсненае забойства, могуць быць пасты». Дызельнае паліва абмяркоўвалі не наўпрост, а фразамі: «Збіраем грыбы, колькі кошыкаў?». Кіраваў групай Віктар Шылінскі, ён даваў усім распараджэнні, казаў, дзе трэба зрабіць урэзкі, забяспечваў бяспечную перавозку паліва ў ангар.

Адвакаты абвінавачаных Алег Варакса і Максім Конан настойвалі: супрацоўнікі міліцыі не маглі назіраць за іх кліентамі 24 гадзіны ў суткі, бо мясцовасць, дзе здзяйсняўся крадзеж дызпаліва, адкрытая, застацца незаўважаным немагчыма. Акрамя таго, самае галоўнае пытанне: чаму пацярпелым бокам прызналі УПП «Захад-Транснафтапрадукт». Бо крадзеж адбывалася з нафтапрадуктаправода ЛПДС «Дзісна» (Рэспубліка Беларусь) — ЛПДС «Ілуксце» (Латвійская Рэспубліка), то бок УПП «Захад-Транснафтапрадукт» аказваў толькі паслугу па транспарціроўцы нафтапрадуктаў на падставе доўгатэрміновай дамовы. Але гэта не значыць, што прадпрыемству перайшло права ўласнасці на нафтапрадукты.

— Прысуд з'яўляецца неабгрунтаваным. Судовае следства праведзена аднабакова і няпоўна, бо судом неабгрунтавана адхіляліся шматлікія хадайніцтвы абароны, у выніку гэтага засталіся нявысветленымі абставіны, высвятленне якіх магло мець істотнае значэнне пры пастанове прысуду, — лічыць адвакат Алег Варакса.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0