Працягваецца ўнутраны канфлікт у асяродку «Хартыі-97» — сайта і блізкіх да яго грамадскіх структур.

Уладзімер Кобец і Наталля Радзіна былі паплечнікамі, а цяпер канфліктуюць.

Уладзімер Кобец і Наталля Радзіна былі паплечнікамі, а цяпер канфліктуюць.

Наталля Радзіна выступіла з рэзкімі абвінавачваннямі на адрас Уладзімера Кобеца — былога кіраўніка штаба Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года, а раней — стваральніка руху «Зубр».

«Вымушана сказаць, што ён злоўжываў алкаголем, апошні год практычна перастаў з'яўляцца на працы, прыходзіў на адну-дзве гадзіны. Заяўкі і справаздачы былі вельмі нізкай якасці, даводзілася за яго многае перарабляць. Перастаў шукаць новых партнёраў і новыя крыніцы фінансавання для сайта, што яшчэ пагоршыла цяжкае фінансавае становішча сайта, — напісала Радзіна ў інтэрв'ю ўласнаму сайту. — І апошняй кропляй стала тое, што польскія партнёры паведамілі мне, што Кобец і нейкая грамадзянка Ларыса Караленка адкрылі няўрадавую арганізацыю Prospect і камерцыйную фірму Prospect Plus у Польшчы і сталі звяртацца да традыцыйных донараў сайта Хартыі-97 з просьбай дапамогі сваім асабістым структурам», — піша Радзіна.

У сваю чаргу, былы прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў напісаў рэзкі пост у фэйсбуку на адрас Радзінай. На думку Атрошчанкава, «Хартыя» «скацілася ў памыйніцу». «Пасля таго, як я ўбачыў маральны бок гэтых людзей, іх палітычная і арганізацыйная прыналежнасць мяне не цікавяць», — піша Атрошчанкаў. Ён вінаваціць Радзіну і Бандарэнку ў інтрыгах, прыдзірках і хамстве.

Да рэзкай крытыкі Радзінай далучыўся і іншы былы кіраўнік «Хартыі» Мікалай Халезін: «Уладзімір Кобец не стаў першым, з кім рассталася «Хартыя», закідаўшы напрыканцы брудам. Не стану зараз пералічваць дзясяткі журналістаў, якія спрабавалі пачаць працаваць у рэдакцыі «Хартыі», і менеджараў, якія сыходзілі адзін за адным, не спрацаваўшыся з кіраўніцтвам структуры. Сам я перастаў кантактаваць са сваімі былымі сябрамі і калегамі практычна адразу пасля выхаду з турмы Дзмітрыя Бандарэнкі і Андрэя Саннікава. Прычына была простая — невыносна было чуць абвінавачванні не толькі ў адрас тых, з кім супрацоўнічаў на працягу многіх гадоў, але затым ужо і на адрас усіх — да прыкладу, журналісцкага корпуса незалежных СМІ, агулам абвінавачаных «Хартыяй» у супрацы з КДБ», — піша Халезін.

І Радзіна, і Кобец, і Атрошчанкаў, і Саннікаў, і Бандарэнка былі палітвязнямі пасля 2010 года. Кобец у 2011-м прызнаўся, што яго змусілі падпісаць паперу пра сакрэтнае супрацоўніцтва з КДБ. Пасля 2011 года ўсе яны эмігравалі, і цяпер жывуць у Польшчы.

Сайт «Хартыя-97» — адзін з самых чытаных у Беларусі. Ён рэзка крытычны да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і заклікае да акцый пратэсту.

Канфлікт Радзінай з Кобецам узнік за права карыстання некалькімі пакоямі ў «Беларускім доме» — будынку, аддадзеным для карыстання беларускім эмігрантам у Варшаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?