Як тлумачыць Саннікаў, «Беларускі дом» стварылі рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» з тым разлікам, што там будзе знаходзіцца офіс апошняй.
«Менавіта «Еўрапейская Беларусь» ў 2014 годзе дэлегавала Уладзіміра Кобеца на пасаду судырэктара «Беларускага дома», — піша Саннікаў. —
У сакавіку Кобецу было паведамлена, што ён больш не з'яўляецца каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» ў сувязі са стратай даверу і не можа займаць пасаду судырэктара «Беларускага дома».
Пры гэтым магчымасць далейшага супрацоўніцтва не выключалася. Публічных заяў на гэты конт не меркавалася. Пра гэтае рашэнне быў праінфармаваны дырэктар «Беларускага дома» Алесь Зарэмбюк. Пярэчанняў у яго такое рашэнне не выклікала. Ён таксама пагадзіўся з тым, што ў бліжэйшы час «Еўрапейская Беларусь» прадставіць кандыдатуру новага судырэктара».
Саннікаў тлумачыць, што калі 2 мая на электронны адрас «Еўрапейскай Беларусі» прыйшоў ліст без подпісаў з патрабаваннем вызваліць памяшканні, узніклі падазрэнні, што рахунак «Беларускага дома» узламалі спецслужбы. Ні Кобец, ні Зарэмбюк на званкі і лісты не адказвалі, а сябры рады «Беларускага дома», з якімі ўдалося звязацца, нічога не ведалі.
«Пазней удалося пераканацца, што электронны рахунак «Беларускага дома» ўзламаны не быў. Ультыматум Кобеца і Зарэмбюка па часе супадаюць з арыштамі ў Беларусі, абвінавачваннямі каардынатараў «Еўрапейскай Беларусі» ў цяжкіх злачынствах, кампаніяй паклёпу ў дзяржаўных СМІ», — дадаў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».