Кіраўніца кампаніі «Наш дом» Вольга Карач заявіла, што некалькі дзён таму ў Віцебску знікла скандальная блогерка, маці дваіх непаўналетніх дзяцей, Вольга Жураўская.

«Яна была нашым валанцёрам, рабіла відэа, у тым ліку і нам таксама, — расказала «Нашай Ніве» Карач. — Апошні раз мы з ёй гаварылі 7 мая, а 19:55. Яна была ўстрывожаная, казала, што ёсць пагрозы з боку міліцыі, што адчувае за сабою сачэнне. Аб 11-й вечара я мусіла прыляцець у Беларусь, сказала, што пагаворым па прылёце. Яна пагадзілася, сказала, што акурат дзяцей пакладзе спаць — у яе дачка сямі гадоў і сыну мо чатыры. Мой рэйс затрымаўся, я прыляцела апоўначы і падумала, што яна ўжо спіць — тэлефон не адказваў. Але ў той жа вечар з яе старонкі ў фэйсбуку пачаліся нейкія дзіўныя допісы пра тэракты, нейкія карцінкі з чарапамі і словамі, што ўсё толькі пачынаецца… Пры гэтым на паведамленні і званкі не было ніякай рэакцыі, у вокнах кватэры цёмна. Ужо 10 мая, а чалавек дагэтуль не выходзіць на сувязь, мужа ў яе няма. Дзе дзеці? У міліцыі нам сказалі, што такога чалавека ў спісах затрыманых за апошнія дні няма. Мы вельмі хвалюемся і працягваем пошукі». 

Вольга Жураўская.

Вольга Жураўская.

Хто такая тая Вольга Жураўская? І чым гіпатэтычна магла выклікаць непрыязнасць з боку міліцыі?

Для свайго блога «Здымаць дазволена» Вольга рабіла сацыяльныя відэа — напрыклад, шукала няякасныя прадукты ў харчовых крамах, рабіла «тэст-драйв» гасцініц у райцэнтрах. 

Часам яна дзейнічала разам з актывістамі руху «Хрушы супраць» — гэта такая расійская ініцыятыва, якую разам са «Стопхамам» курыравалі з Адміністрацыі прэзідэнта Расіі.

Усе канфліктныя сітуацыі з супрацоўнікамі ўстаноў, пра якія вялася гаворка, траплялі на відэа без рэтушавання. 

Знаёмыя блогеркі кажуць, што некаторыя яе замалёўкі сапраўды ўплывалі на сітуацыю. 

Супрацоўнікі міліцыі таксама «свяціліся» на канале Жураўскай даволі часта, прычым у розных кантэкстах, часам даволі правакацыйных. 

Вось, напрыклад, калега Жураўскай і адначасова актывіст «Хрушы супраць» «троліць» даішніка — відэа называецца «Супрацоўнік міліцыі адмовіў у дапамозе грамадзяніну». 

Ці яшчэ адзін прыклад неадназначных дзеянняў: вось Вольга некалькі хвілін здымае патрульных са спіны, даючы адвольныя каментары іх дзеянням, кшталту «калі трэба — не дазвонішся», «працірай тэлефон, працірай, толькі дзіркі не пратры».

У іншых відэа пра міліцыю часта адлюстраваныя сітуацыі і дыялогі, калі Жураўская адмаўляе паказаць супрацоўнікам дакументы — яны так і называюцца: «Як законна абламіць мянтоў з праверкай дакументаў», напрыклад. 

Ці мог такі эксцэнтрычны падыход да грамадзянскай актыўнасці выклікаць шал службоўцаў і стаць прычынай дзіўнага знікнення? Такія выпадкі, калі людзі «губляліся», а пасля «знаходзіліся» ў судах ці СІЗА, у краіне ўжо бывалі, прычым неаднаразова. 

Знайсці Вольгу на месцы работы не ўяўляецца магчымым — яна нідзе не працуе. Яе сяброўка Карач мяркуе, што тая жыла на грошы ад аліментаў.

Актывісты «Нашага дома» працягваюць пошукі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?