Урад бачыць мэтазгоднасць рэалізацыі праекта, накіраванага на мадэрнізацыю Аршанскага інструментальнага завода. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Саўміна, піша Tut.by.

Кампаніяй распрацаваны праект «Мадэрнізацыя ААТ «Аршанскі інструментальны завод» з укараненнем новых тэхналагічных працэсаў вытворчасці металарэзнага і дапаможнага інструмента». Бізнэс-план цяпер праходзіць узгадненне ў Мінпраме. Прадугледжваецца будаўніцтва новага вытворчага корпуса і закупка абсталявання агульным коштам каля 36 млн даляраў. Усе выдаткі на рэалізацыю праекта складуць 62,57 млн даляраў.

«Цяпер разглядаецца пытанне, якім чынам правільна структураваць прапанаваны прадпрыемствам інавацыйны праект. Мадэрнізацыя завода мае свае рызыкі, бо не хацелася б паўтараць сітуацыю з дрэваапрацоўкай. З іншага боку, ёсць калектыў. Гэта самы вялікі набытак — кадры, іх жаданне, навыкі і досвед. Таму будзем разглядаць праект на бліжэйшым пасяджэнні ўрада. І з улікам досведу мадэрнізацыі, які мы ўжо маем, фінансавых магчымасцяў, выпрацуем аптымальны варыянт», — сказаў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Ён бачыць і эканамічныя перспектывы завода. Па яго словах, ёсць «вялікі расійскі рынак, а таксама ўнутраны». «Каля 30 млн даляраў — гэта аб'ём штогадовага імпарту рэжучага інструмента ў Беларусь, аналагічнага таму, што вырабляе аршанскі завод. Але ўзровень абсталявання і энергазатрат робіць яго прадукцыю састарэлай і неканкурэнтаздольнай», — адзначыў Кабякоў.

Складзены бізнэс-план уключае засваенне і выпуск 400 відаў новых канструкцый інструмента на ўзроўні еўрапейскіх аналагаў з высокай канкурэнтаздольнасцю на рынках Беларусі, краін СНД і іншых. Таму рэалізацыя праекта — гэта шлях да зніжэння імпарту беларускімі спажыўцамі і павелічэння экспарту высокатэхналагічнага інструмента. «Такім чынам, завод, што немалаважна, будзе забяспечваць і занятасць, ствараць працоўныя месцы на больш высокім тэхналагічным узроўні», — дадаў Кабякоў.

Сёння Аршанскі інструментальны завод утрымліваецца ад банкруцтва за кошт экспарту ў Расію, бо рэалізацыя прадукцыі на ўнутраным рынку не прыносіць абаротных сродкаў. Рахункі кампаніі арыштаваныя з-за пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці. Гэтае пытанне прадпрыемства спрабуе вырашыць з 2015 года паралельна з распрацоўкай бізнэс-плана мадэрнізацыі і разлічвае на спрыяльнае рашэнне і падтрымку на самым высокім узроўні, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада.

Падчас нядаўняга паслання парламенту і беларускаму народу Аляксандр Лукашэнка прапанаваў аказаць падтрымку аршанскаму заводу. «Чаму працуе дрэнна прадпрыемства? Мы проста ім ніколі не займаліся, яно ж не ў Мінску знаходзіцца, — сказаў Лукашэнка. — Яна там далёка, на ўскраіне, там, можна падумаць, не нашы людзі жывуць. Некаторыя прапануюць абвясціць яго банкрутам і заўтра закрыць. Рэфарматары раяць перавучыць людзей. Гэта высакакласныя спецыялісты, якія робяць той тавар, які патрэбны нашаму народу. Мы іх хочам перавучыць шыць анучы. Які выхад? Трэба мадэрнізаваць прадпрыемства. Там ёсць людзі і ёсць памяшканні. Трэба купіць новае абсталяванне, новыя станкі, і выйдзе нядорага, калі не будуць браць адкаты і хабары. І людзі вырабяць тавар. А то атрымаецца, мы людзей перавучым шыць анучы, а тое, што трэба нашаму машынабудаванню, будзем завозіць з-за мяжы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0