Момант рукапакладаньня. Справа — айцец Надсан, зьлева — біскуп Хамныцкі.

14 траўня ў Лёндане быў высьвячаны на дыякана Сяргей Стасевіч – гадунец папскай Грэцкай калегіі ў Рыме і былы супрацоўнік выдавецтва «Pro Christo».

Урачыстыя абрады распачаліся днём раней, падчас адведваньня Беларускай каталіцкай місіі ў паўночным Лёндане Паўлам Хамныцкім OSBM, біскупам Стэмфардзкім (Украінская каталіцкая царква ў ЗША). Біскупа Паўла сардэчна прывітаў а.Аляксандар Надсан – апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. У звароце да прысутных а.Надсан зазначыў, што надыходзячыя сьвятарскія пасьвячэньні Сяргея Стасевіча – гэта асабліва радасная і важная падзея, чакаць якой у Лёндане давялося 25 гадоў. У беларускай царкве Сьв.Пятра і Паўла Сяргей Стасевіч атрымаў ад біскупа Паўла пасьвячэньні ў чытальніка і субдыякана.

У нядзелю 14 траўня ў лёнданскай украінскай катэдры Сьвятое Сям’і на Выгнаньні біскуп Хамныцкі ўзначаліў прынагодную сьвятую літургію, удзел у якой узяў таксама а.Надсан, а пэўныя часткі набажэнства гучалі па-беларуску. У часе гэтай літургіі біскуп Павал рукапаклаў Сяргея Стасевіча на дыякана. У звароце да вернікаў Украінскай катэдры і шматлікіх гасьцей зь беларускай грамады біскуп Павал сказаў, што ўкраінская царква працягнула руку братняй дапамогі беларускім грэка-каталікам, якія дагэтуль ня маюць уласнага біскупа ані ў Беларусі, ані ў замежжы. Ён павіншаваў айца дыякана Стасевіча са сьвячэньнямі і дадаў, што наступнымі крокамі стануць высьвячэньне дыякана Стасевіча на прэзьбітара – а некалі, магчыма, і на біскупа – для духоўнага служэньня беларусам у замежжы і на Бацькаўшчыне.

Пасьля набажэнства айца дыякана Сяргея Стасевіча ды а.Аляксандра Надсана на прыступках катэдры сустракала і шчыра віншавала беларуская грамада. Беларусы Вялікабрытаніі сардэчна дзякавалі біскупу Паўлу за яго разуменьне духоўных патрэбаў беларусаў і чынную дапамогу. Высьвячэньне новага беларускага сьвятара ў Вялікабрытаніі – гэта падзея, духоўны сэнс якой сягае далёка па-за межы ўласна супольнасьці беларускіх каталікоў у гэтай краіне.

Антон Запалота

Сяргей Стасевіч нарадзіўся ў 1978 г. у Івацэвічах на Берасьцейшчыне. Падчас студыяў у БДУ далучыўся да Каталіцкай царквы ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Пры падтрымцы рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане айца Аляксандра Надсана ён быў прыняты ў Грэцкую калегію ў Рыме, дзе і праходзіў фармацыю да сьвятарства. Сяргей Стасевіч атрымаў ступень бакаляўра тэалёгіі ў папскім Унівэрсытэце сьвятога Тамаша Аквінскага «Анджэлікум» у 2004 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0