У галерэі «Сьвет фота» (Прытыцкага, 10) праходзіць выстава Ежы Пёнтэка «Сума і зачараваньне правінцыі». Чорна‑белыя фатаграфіі, кранальная ўвага аўтара да сваіх пэрсанажаў, нядаўняе мінулае, у якім можна разгледзець і цяперашняе.


Польская глыбінка 30‑40‑х гадоў прадстаўленая на выставе «Сум і зачараваньне правінцыі» такой, якой яе пабачыў Ежы Пёнтэк. Ня дужа добра апранутыя людзі, несамавітыя жылыя будынкі, недагледжаныя вуліцы, спрацаваныя рукі, выразы твараў без прыкметаў аптымізму — словам, усё, што было не прынята выстаўляць напаказ, што ішло ўразрэз з афіцыйнай ідэалёгіяй, дэманстравала крытычны погляд на рэчаіснасьць таго часу й так нагадвала савецкі побыт.

І ў самой Польшчы, і ў Беларусі, расказвае Ежы Пёнтэк, ёсьць яшчэ людзі, якія цяжка расстаюцца з старымі звычкамі, не разумеюць, навошта гэта ўсё паказваць.

На адкрыцьці выставы Ежы Пёнтэк падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы экспазыцыі й асобны дзякуй сказаў Польскаму інстытуту, які, паводле слоў фатографа, «яшчэ 10 гадоў таму ня ўдзельнічаў бы ў выставе з такімі «дрэннымі» сюжэтамі».

У пасольстве Беларусі ў Варшаве таксама не адразу зразумелі, навошта паказваць гэтую фотакалекцыю ў Менску, кажа Ежы Пёнтэк:

«Калі я хацеў атрымаць беларускую візу, я два разы размаўляў з консулам у Варшаве, з прэс‑сакратаром, з чалавекам, адказным за культурнае супрацоўніцтва. Я зрабіў памылку, напэўна, я паказаў альбом. Мае сябры атрымалі візу хутка, а ў мяне праблемы».

Візу, урэшце Ежы Пёнтэк атрымаў. І нават дамовіўся з прадстаўніком беларускага пасольства ў Варшаве пра тое, каб у 2009 годзе правесьці выставу разам з фатографамі зь Беларусі.

Фатаграфіі, якія ўвайшлі ў экспазыцыю, зробленыя ў Келецкім ваяводзтве , якое лічыцца адным з самых бедных у Польшчы. Ежы Пёнтэк узнаўляе атмасфэру нядаўняга мінулага.

Алена Данэйка, Deutsche Welle
Ілюстрацыя Polskie Radio SA

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0