Navi выступалі пад трэцім нумарам з беларускамоўнай песняй «Гісторыя майго жыцця», у фінале яны занялі 17-е месца. Яны кажуць, што вынік галасавання іх не засмуціў. «Мы сёння вырашылі расслабіцца і атрымаць задавальненне», - кажа Ксенія. Navi таксама распавядаюць, што пацалавацца падчас нумара яны вырашылі ўсяго за пару хвілін да выхаду.
Сам факт свайго выступу на «Еўрабачанні» Naviband лічаць важным для культуры, беларускай мовы і моладзі. Арцём спадзяецца, што яны змаглі аб'яднаць беларусаў.
«Мы хочам сказаць «дзякуй» нашай Беларусі за такую падтрымку, за такі флэшмоб. І Сяргей Міхалок спяваў нашу песню і некалькі дзён таму нам тэлефанаваў Аляксандр Саладуха, што крыху нетыпова», — распавядае Арцём Лук'яненка.
Пры гэтым у Navi няма планаў выступіць на «Еўрабачанні» яшчэ раз. Арцём кажа, што яны хочуць займацца творчасцю і музыкай. Менавіта музыка, а не шоў, сёння перамагла на конкурсе.
«Мы вельмі радыя за Партугалію. Мы паспелі з ім паразмаўляць, ён вельмі шчыры чалавек і ён павінен быў быць першым. І мы вельмі хочам, каб у наступным годзе да гэтага конкурсу адносіліся больш лёгка», - кажуць Арцём і Ксенія, якія ўжо 3 чэрвеня выступяць каля Мінскай ратушы.