Пра тое, чым цяпер жывуць жыхары сталіцы Грузіі, расказаў супрацоўнік тбіліскага рэклямнага агенцтва «Паблісіз Зенітоптымэдыя» Усевалад Круцько — мянчук, які цяпер працуе у Тбілісі.

«Дагэтуль мяне не наведвала думку зьяжджаць з Тбілісі. Пакуль у горадзе адносна спакойна. Учора, пасьля таго, як зьявілася інфармацыя, што да Тбілісі падыходзяць расейскія войскі, у горадзе пачалася паніка. Шмат хто зьбіраўся зьяжджаць. На аўтазапраўках адразу жа паўсталі вялікія чэргі, падняліся кошты ў крамах на прадукты. Людзі казалі, што не ведаюць: ці дажывуць да раніцы. Але сёньня ўсё быццам бы спакойна. Хаця, вядома, паветраныя камунікацыі з Тбілісі і Батумі спыненае. Банкі сёньня не працуюць.

Сапраўды кажучы, нам, беларусам, якія пражываюць у Тбілісі, у гэтыя дні вельмі хацелася хадзіць зь беларускімі сьцягамі і казаць толькі на беларускай мове — абы не прынялі нас за расейцаў. Не хацелася, каб нас лічылі расейцамі», — кажа Ўсевалад Круцько.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?