Неўзабаве пасля заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці пачынаць заняткі ў школах а 9-й гадзіне, мінскія школы атрымалі лісты ад упраўленняў адукацыі. У іх гаворыцца, што школы, дзе вучацца ў адну змену, мусяць пачынаць заняткі а 9-й раніцы. Школы з дзвюма зменамі навучання мусяць патлумачыць неабходнасць пачатку заняткаў у 8.30.

«Звяртаем вашу ўвагу на тое, што ў школах, якія працуюць у 1 змену, заняткі будуць пачынацца ў 9.00 (гэтым школам адказ можна не высылаць). У школах, якія працуюць у дзве змены: з 8.30 ці з 9.00. Калі з 8.30, неабходнае дакладнае тлумачэнне», — гаворыцца ў лісце, які прыходзіць на электронную пошту ў мінскія школы. Новаўвядзенне мусіць пачаць дзейнічаць з наступнага навучальнага году.

Раней настаўнікі ў размове з Еўрарадыё адзначалі, што такія змены ў раскладзе заняткаў дрэнна паўплываюць менавіта на тых, хто вучыцца ў другую змену.

«Чым пазней пачынаць, тым пазней урокі скончацца. У нас 1720 вучняў у школе, і калі перанесці пачатак заняткаў, то ўрокі будуць у другой змены позна ўвечары заканчвацца. У нас немагчыма гэта рэалізаваць. Дзеці сонныя а восьмай раніцы, праўда, але ўсе сонныя ў гэты час. Столькі ж гадоў так пачыналі. У маленькай школе, вядома, можна хоць а 12-й пачынаць», — так адрэагавала настаўніца з мінскай школы Вікторыя.

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў звяртаў увагу на тое, што заняткі трэба пачынаць а 9-й раніцы. Падчас свайго выступу на штогадовым пасланні, ён казаў, што яго малодшы сын Мікалай засынае на ўроку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?