Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравана Рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Гавары праўду» (скарочаная назва — РДАГА «Гавары праўду»). 

Кампанія «Гавары праўду» была заснавана ў 2010 годзе, рабілася шэсць спробаў загэгістравацца, але яны былі марныя.

Кіраўнік кампаніі — Андрэй Дзмітрыеў, адказаў на пытанні «Нашай Нівы» з нагоды рэгістрацыі.

«Прынцыпова нічога не зменіцца, — сказаў Дзмітрыеў пра дзейнасць «ГП». — Рэгіянальная праца ў прыярытэце, кампаніі па дэбюракратызацыі і падрыхтоўка да ўдзелу ў мясцовых выбарах». 

На пытанне аб прычынах рэгістрацыі ва ўмовах, калі рэгіструюць далёка не ўсіх на тое ахвотных, Дзмітрыеў адказаў так. 

«Будзем шчырымі: нас не рэгістравалі 7 год, 6 гадоў мы падавалі на рэгістрацыю. За гэты час мы выстаўлялі кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, на мясцовых. Дэ-факта мы былі прызнаныя даўно, цяпер вось дэ-юрэ. Чаму? Гэта жаданне ўлады захаваць і нармалізаваць стасункі з Захадам, і мы скарысталіся гэтай магчымасцю. Улада разумее, што наспелі перамены. Пратэсты мінулага месяца паказалі, калі ў краіне няма палітычнага дыялогу, калі апазіцыя не мае прадстаўніцтва на ўсіх узроўнях, то нават 10 тысяч на вуліцах — гэта вялізная рызыка для палітычнай стабільнасці краіны. І мы вельмі спадзяемся, што «Гавары праўду» будзе не адзінай, а першай у спісе тых арганізацый, якія чакаюць рэгістрацыі», — сказаў кіраўнік «Гавары праўду» і дадаў, што ад ідэі рэгістрацыі палітычнай партыі рух не адмаўляецца і плануе стаць ёй цягам 2 гадоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0