Вярхоўная Рада падтрымала законапраект аб забароне вырабу і прапаганды георгіеўскай стужкі ва Украіне, паведамляе УП.

unian.ua

За адпаведнае рашэнне ў чацвер прагаласавалі 238 дэпутатаў.

Перад гэтым спікер Андрэй Парубій заявіў, што «сёння ідзе вайна, і георгіеўская стужка стала сімвалам акупацыйнай вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны».

«Гэтыя стужкі сёння носяць тыя, хто развязаў вайну супраць Украіны, хто штодня страляе ў нашых воінаў, хто забівае мірных жыхароў Аўдзееўкі і іншых гарадоў. Ад Майдану і да сёння гэты сімвал стаў сімвалам расійскай агрэсіі і элементам для дэстабілізацыі ва Украіне», — сказаў ён.

Дакумент прадугледжвае пакаранне за публічнае выкарыстанне, дэманстрацыю або нашэнне георгіеўскай стужкі ў выглядзе штрафу ад 50 да 150 неабкладаных мінімумаў даходаў грамадзян (850—2 550 грывень, або прыкладна 30—95 даляраў) або адміністрацыйнага арышту на тэрмін да 15 сутак з канфіскацыяй стужкі.

За паўторную прапаганду прадугледжваюцца тыя ж санкцыі, аднак штраф за дадзенае правапарушэнне можа складаць ужо да 300 неабкладаных мінімумаў даходаў грамадзян (каля 200 даляраў).

Палажэнні новага артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях не распаўсюджваюцца на выпадкі выкарыстання георгіеўскай стужкі на дакументах дзяржаўных органаў, выдадзеных да 1991 года; у экспазіцыях музеяў на арыгіналах баявых сцягоў; на дзяржаўныя ўзнагароды, якімі ўзнагароджваліся да 1991 года і на працягу 1991-2015 гадоў у сувязі з гадавінай падзей Другой сусветнай вайны; на магільных збудаваннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?