15 суткамі арышту Ленінскі суд Менску пакараў 30-гадовага тэхнічнага рэдактара «Беллітфонду» Паўла Лоскутава.

Судзьдзі Веры Тупік 26 сакавіка а 1-й гадзіне начы затэлефанаваў невядомы мужчына, які назваўся прадстаўніком нейкага «Народнага судзілішча» й пагражаў унясеньнем у «чорны сьпіс» за прысуды, вынесеныя дэмакратычным актывістам. Sim-карта мабільнага тэлефону, зь якога тэлефанавалі судзьдзі, як высьветлілася, належала N. Дзяўчына паінфармавала, што карту перадавала свайму сябру Паўлу Лоскутаву. На падставе гэтага факту Паўла зьвінавацілі ў пагрозах работніку суду. П.Лоскутаву не дапамагла заява, што sim-карта была страчаная да званка.

Пакуль дайшло да судовага працэсу, справу пасьпелі перакваліфікаваць з крымінальнай у адміністрацыйную. Доказы таго, што тэлефанаваў Лоскутаў, былі толькі ўскосныя: ані запісу званка, ані ўласна sim-карты абвінавачаньне ня мела.

У судовай пастанове запісана, што хаця П.Лоскутаў сваёй віны не прызнаў, аднак яна цалкам пацьвярджаецца матэрыяламі справы: заявай судзьдзі Тупік пра пагрозы ёй і зафіксаванымі званкамі зь sim-карты.

Застаецца дадаць, што хулігана П.Лоскутава нядаўна прынялі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў як маладога паэта.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0