Шмат нараканняў выклікала гульня зборнай Беларусі па хакеі на чэмпіянаце свету 2017: нашая каманда скончыла выступленне ў двух кроках ад вылету з эліты, прапусціўшы 27 шайбаў у 7 матчах.

Такія вынікі раз'юшылі нават кіраўніка дзяржавы. «Гэта стыдобішча», — так выказаўся Лукашэнка пра гульню зборнай. 

Журналіст «Нашай Нівы» падчас пасяджэння Палаты Прадстаўнікоў распытаў дэпутата і былога спартоўца Вадзіма Дзевятоўскага пра тое, што чакае зборную пасля крытыкі Лукашэнкам. 

Фота zviazda.by

Фота zviazda.by

«Прасцей за ўсё пахаваць спартоўца, навесіць цэтлікі, што ён недзеяздольны, нікчэмны… Але гэта не так, — сказаў Дзевятоўскі. — Я заўсёды буду паважаць працу спартоўца. Для мяне гэта святое — я сам столькі аддаў… Калі вы задаяце такое пытанне, то што вы прапануеце? Выгнаць усіх? Не, канечне. Патэнцыял у нас ёсць — у цяжэйшай сітуацыі падчас гульні з французамі мы паказалі, што нават у меншасці можам навязваць ім сваю гульню. Як у шараговага гледача, у мяне ёсць нейкая супярэчнасць, канечне — нібыта дзве розныя каманды ў адной гульні: то млява, то рвуць гэтых французаў. Канечне, некаторыя высновы будуць зроблены — гэтым павінны займацца спецыялісты. Калі спецыялісты скажуць, што недзе быў правал, то нешта трэба рабіць».

Пра прычыны правалу дэпутат выказаўся так: 

«У нашай зборнай ідзе змена пакаленняў, трэба пачакаць. Зноў жа — гэта сітуацыя з вобшукам каманды… Ветэраны, пры ўсёй павазе, ужо не могуць гуляць, як у найлепшыя гады. А моладзь яшчэ не можа адаптавацца да такога высокага ўзроўню. Ці трэба нам натуралізаваныя канадцы? А пра прычыны цяжка казаць. Дзе быў умоўны збой? У якім годзе? Каб вырасціць элітнага хакеіста, напрыклад, як вырошчала наваполацкая школа… Кітараў, Касціцын, Дзянісаў. Дзе гэты збой адбыўся? Я заўсёды кажу: трэба гадаваць сваіх, але ў сітуацыі, калі на нейкім этапе няма кім замяніць легіянера, то што ж? Застаецца натуралізацыя», — падсумаваў Дзевятоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?