На інтэрнэт-сайце Бялыніцкага райвыканкама і ў раённай газеце «Зара над Друццю» з'явілася паведамленне аб неабходнасці скасавання пасёлка Ленінскі Галаўчынскага сельсавета Бялыніцкага раёна, піша 6tv.by.

Неабходнасць скасавання пасёлка Ленінскі Галаўчынскага сельсавета выкліканая тым, што ў гэтым населеным пункце адсутнічаюць жылыя дамы і іншыя будынкі, ніхто не зарэгістраваны і не пражывае, няма пад'язных шляхоў.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Рэспублікі Беларусь» грамадзяне маюць права выказваць думкі аб пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання цягам аднаго месяца з даты апублікавання гэтага паведамлення ў сродках масавай інфармацыі і яго размяшчэння ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт.

У канцы мінулага года ў Бялыніцкім раёне ўжо былі ліквідаваныя два населеныя пункты — пасёлак Заліп’е Ланькоўскага і вёска Кастрычнік (да 1960 года гэтая вёска мела назву Засценкі) Галаўчынскага сельсаветаў.

У Бялыніцкім раёне сярод населеных пунктаў пакуль яшчэ застаецца адзін пасёлак Ленінскі ў складзе Цехцінскага сельсавета. У 2010 годзе ў ім пражывала 10 чалавек, цяпер жыхароў там стала яшчэ менш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0