У Беларусі пачаў працаваць нацыянальны інтэрнэт-партал аб здаровым ладзе жыцця «Здаровыя людзі». Ён разлічаны на людзей рознага ўзросту і розных патрэб. Прадстаўнікі рэсурсу кажуць, што артыкулы на партале напісаныя даступнай мовай, інфармацыя будзе абнаўляцца штодня, пры гэтым усе матэрыялы будуць аўтарскімі, піша Tut.by.

Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

Праект створаны Міністэрствам аховы здароўя на базе выдання «Медыцынскі веснік». Працуюць над ім журналісты, пісьменнікі і дактары.

«Хутчэй за ўсё, нашы метады прапаганды здаровага ладу жыцця не заўсёды дасягаюць мэты. Адна з прычын — змена структуры інфармацыйнай прасторы на карысць інтэрнэт-рэсурсаў. Гаджэты ёсць практычна ў кожнага дзіцяці і дарослага. Мы трохі мяняем палітыку прасоўвання здаровага ладу жыцця і, вядома, улічылі, што ў Беларусі больш за 5 мільёнаў чалавек ад 15 да 74 гадоў рэгулярна карыстаюцца інтэрнэт-рэсурсамі», — заўважыў міністр аховы здароўя Валерый Малашка.

Міністр адзначыў, што сярод асноўных прычын смяротнасці ў Беларусі лідзіруюць сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя захворванні. Гэта адбываецца з-за распаўсюджанасці сярод насельніцтва фактараў рызыкі: курэння, нерацыянальнага харчавання, недастатковай фізічнай актыўнасці, алкагалізму. Сёння дзевяць з дзесяці беларусаў маюць ад адной да пяці шкодных звычак, кожны другі беларус мае залішнюю вагу. Менавіта таму важна, каб у краіне працаваў нацыянальны праект, накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця.

«Гэта ўнікальны праект, ён рыхтаваўся даўно. Ідэя прыйшла Васілю Іванавічу Жарко (цяперашні віцэ-прэм'ер і экс-міністр аховы здароўя) год таму. Мы падышлі вельмі сур'ёзна, некалькі месяцаў збіралася каманда, мы аналізавалі паводніцкія рэакцыі людзей у інтэрнэце, замежныя і айчынныя сайты з такой інфармацыяй і прыйшлі да нейкага бачання гэтага праекта», — заўважыла Вольга Святліцкая, кіраўнік 24health.by, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА.

«Тэхналогіі аховы здароўя такія, што сёння мы абсалютна забяспечваем роды ў жанчын 45 гадоў і старэйшых. Якая жанчына ў 55 гадоў хоча быць пенсіянеркай, калі ў яе сын або дачка 10-летнія. Не хочуць. Гэтыя людзі хочуць быць маладымі», — кажа яна.

Вольга Святліцкая заўважае, што перадачы пра здароўе на тэлебачанні «сёння становяцца анахранізмам». Паводле даных інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, сярод людзей да 30 гадоў толькі 51% наогул уключае тэлевізар.

«Будучыня за спецыялізаванымі YouTube-каналамі, якія таксама будуць у нас», — рэзюмуе яна.

На партале сем раздзелаў: «Будзь шчаслівым», «Харчуйся правільна», «Жыві актыўна», «Расці дзяцей», «Кантралюй здароўе», «Заставайся маладым», «Будзь незалежны».

«Мы будзем гаварыць пра ўсё: як будаваць адносіны з партнёрамі, дзецьмі, калегамі, начальствам, пра сэкс, пра людзей, якім патрэбна дапамога. Велізарная колькасць людзей не знаходзіць, куды ім звярнуцца. Адна з топавых пазіцый — як дапамагчы чалавеку перажыць гора. Мала хто працуе з гэтымі людзьмі. Мы возьмем іх пад сваю апеку, раскажам, як і куды звярнуцца, справіцца з горам», — заўважае Вольга Святліцкая.

Скрыншот з сайта — nn.by

У партала ёсць версіі на беларускай і рускай мовах.

«Я атрымліваю задавальненне, чытаючы на беларускай мове, і нам хочацца, каб гэты партал чыталі на сваёй роднай мове», — заўважае кіраўнік праекта.

У партала ёсць старонкі ў Facebook, «Укантакце», Twitter, «Аднакласніках» і YouTube-канал. Летам з'явіцца мабільная версія. Таксама на сайце ёсць форма для зваротаў, дзе кожны ахвотны можа пакінуць заяўку па тэме, а журналісты напішуць матэрыял.

Праца партала фінансуецца з дзяржбюджэту, аднак плануецца прыцягваць рэкламадаўцаў. На пытанне, колькі выдаткавана сродкаў на стварэнне сайта, міністр аховы здароўя заўважыў, што падлічыць немагчыма: каманда працавала ў асноўным па вечарах і выхадных.

«Тут больш асабістага альтруізму і адказнасці ў адносінах да нашых грамадзян. Грашыма не вымераць», — падсумаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0