18.05.2017 / 11:25

«Амкадор» мяняе эканамічны вектар з расійскага на кітайскі 3

Экспэрты мяркуюць, што Кітай ператвараецца ў найважнейшага стратэгічнага і эканамічнага партнэра Беларусі, выцясьняючы са звыклых пазыцый Расею.

Чарговым прыкладам укладаньня кітайскіх інвэстыцыяў — падпісаная ў часе форуму «Адзін пояс, адзін шлях» у Пэкіне дамова аб фінансавай дапамозе на мадэрнізацыю прадпрыемстваў холдынгу «Амкадор». У прыватнасьці, пагадненьнем прадугледжваецца выдзяленьне 350 мільёнаў даляраў на разьвіцьцё заводу спэцтэхнікі «Амкадормаш» у Калодзішчах пад Менскам і яго структурных падразьдзяленьняў «САЛЕО» ў Гомлі і Кобрыні.

«Амкадор» — адзін з найбуйнейшых эўрапейскіх вытворцаў дарожна-будаўнічай, камунальнай, сельскагаспадарчай, лясной, аэрадромнай, сьнегапрыбіральнай ды іншай спэцтэхнікі. Штогод аб’яднаньне выпускае больш за 5 тысяч машын з мадэльнага шэрагу, які пераваліў за сотню. Кіруе холдынгам адзін з самых багатых людзей Беларусі Аляксандар Шакуцін.

Асноўным вонкавым рынкам збыту традыцыйна зьяўляецца Расея. Кіраўніцтва прадпрыемства неаднаразова выходзіла з прапановамі да расейскіх партнэраў аб стварэньні сумеснай вытворчасьці, што дазволіла б нарасьціць аб’ёмы прысутнасьці ў суседняй дзяржаве. Аднак лябісцкія пазыцыі тамтэйшых чыноўнікаў не дазволілі рэалізаваць амбітныя задумы. Беларуская прысутнасьць на ўсходзе з году ў год зьмяншаецца. У выніку вакантнае месца намагаецца заняць Кітай.

На пачатку 1990-х ля вытокаў стварэньня «Амкадору» стаяў Васіль Шлындзікаў, працяглы час ён быў генэральным дырэктарам прадпрыемства. Чаму, на яго думку, супраца з Расеяй фактычна правалілася?

«Справа ў тым, што Расеі ў гэтай галіне практычна няма чаго прапанаваць. Апроч, магчыма, грошай. Але хто сёньня дасьць грошы? Прамысловасьць, асабліва машынабудаваньне, там практычна загінула. Сёньня «Амкадор» вырабляе тэхнікі столькі ж, колькі ўсе заводы колішняга Міністэрства будаўнічай і дарожна-камунальнай гаспадаркі СССР. То бок, там усё зьнікла, атрымаць нейкае ноў-хаў для разьвіцьця немагчыма ў прынцыпе. У свой час «Амкадор» у Расеі стварыў аж два сумесныя прадпрыемствы — гэта было яшчэ пры мне. Але расейскія ўлады іх забралі, нацыяналізавалі. Пасьля гэтага была спроба арганізаваць вытворчую пляцоўку ў Бранску, але аб’ёмы проста сьмехатворныя. На жаль, Расея — краіна, дзе законы не працуюць, як і ў нас. Таму разьлічваць на нейкі посьпех абсалютна марна».

А ці дапамогуць «Амкадору» кітайскія інвэстыцыі? Па-першае, умовы выдзяленьня крэдыту не выдаюцца, па-другое, агучаная сума досыць вялікая, яе нейкім чынам давядзецца вяртаць, кажа Васіль Шлындзікаў:

«Калі ўсё атрымаецца так, як дэкляруецца — добра. Іншая справа, сапраўды, як, хто і чым пазыку будзе вяртаць? Сума сур’ёзная. Калі нафтахімія расплаціцца яшчэ мае шанцы, то ў машынабудаваньні сытуацыя не такая аптымістычная. Рынак тэхнікі ўпаў — і ў нас, і ў Расеі. Вялізную канкурэнцыю складаюць тыя ж кітайскія машыны, якія прасоўваюцца і на расейскі рынак, і на амэрыканскі, і ў Эўразьвяз. Прагназаваць, што будзе празь некалькі гадоў, надзвычай складана. Як з майго гледзішча, праект цікавы, але і досыць рызыкоўны. Хоць, калі ўзяліся, значыць, на нешта разьлічваюць. Да таго ж гэтыя грошы яшчэ трэба атрымаць, пакуль гаворка толькі пра папярэднія дамоўленасьці. Ну а калі будуць, то прынамсі засвояць, а як вяртаць — пра гэта ў такіх сытуацыях мала хто думае».

Паведамляецца, што падчас працы форуму «Адзін пояс, адзін шлях» былі падпісаныя сумесныя з кітайскім бокам дамовы ў сфэры нафтахімічнай апрацоўкі, аб укладаньні ў прадпрыемствы малочнай галіны, аб бязвыплатнай субсыдыі на будаўніцтва сацыяльнага жыльля, аб кантэйнэрных перавозках з удзелам Беларускай чыгункі, аб будаўніцтве Сьветлагорскага ЦКК сіламі кітайскага падрадчыка, аб моладзевым інавацыйным праекце ў рамках індустрыяльнага парку «Вялікі камень» ды іншыя.

0
Forever Mozgrea / Адказаць
18.05.2017 / 12:31
Китай и его экономика давно втрое перерос Россию. Подобное будет и с большинством разных предприятий.
0
Satan / Адказаць
18.05.2017 / 17:40
Forever Mozgrea, Не втрое, а в десять раз.
0
Лекс / Адказаць
19.05.2017 / 11:22
Давай-давай. Через год китайцы скопируют все что будет пользоваться спросом и выставят цену на 30% ниже при том что качество будет на 30% выше и бонусом куча электронных свистелок.Амкодор начнет обливаться горючими слезами, попытается вернуться на рынок России, но там уже будут китайцы с копиями продукции Амкодора.Все это уже проходили с СП МЗКТ.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру