18.05.2017 / 13:53

Кабінет міністра культуры Францыі пракаментаваў твіт пра смерць Алексіевіч 1

У кабінэце міністаркі культуры і камунікацыі Францыі Франсуаз Нісэн пракамэнтавалі зьяўленьне на профілі ў твітары ад яе імя інфармацыі пра сьмерць Сьвятланы Алексіевіч.

Сакратарка кабінэту сказала Свабодзе:

«Мы спрабуем выявіць прычыну гэтага твіту. Кабінэт да гэтага часу не сфармаваны і знайсьці адказных людзей вельмі складана. Міністарка Франсуаз Нісэн цяпер на паседжаньні ўраду і мы ня можам зь ёй паразмаўляць і запытацца пра дэталі. Ці будзе нейкі прэс-рэліз на гэты конт, мы яшчэ ня ведаем».

Фальшывая навіна пра сьмерць Алексіевіч пайшла з твітэру, які нібыта належыць міністарцы. Аднак першыя запісы на гэтым профілі пачалі зьяўляцца 21 гадзіну таму. Праз 40 хвілін пасьля твіту пра сьмерць Алексіевіч зьявілася чарговае паведамленьне, што фэйкавы акаўнт ад імя Франсуаз Нісэн быў створаны італьянскім журналістам Тамаса Дэ Бэнэдэці.

Тамаса Дэ Бэнэдэці (Tommaso De Benedetti) некаторыя называюць «найбольшым падманшчыкам» у інтэрнэце.

Заходняя прэса ў мінулым неаднаразова паведамляла пра падобныя непраўдзівыя інфармацыі аб сьмерці вядомых людзей (Фідэла Кастра і Джоан Роўлінг), якія ён распаўсюджваў у інтэрнэце. У прыватнасьці, летась з фэйк-акаўнту выдавецтва Alfred Knopf у Твітэры Бэнэдэці распаўсюдзіў непраўдзівую зьвестку пра сьмерць амэрыканскага пісьменьніка Кормака Маккарты. Шмат хто з журналістаў паверыў у гэтую зьвестку і паўтарыў яе.

«Гэтая гісторыя паказвае жудасную сытуацыю СМІ. Акаўнт ня быў вартым даверу і быў створаны некалькі хвілінаў да зьвесткі пра сьмерць, але шмат важных сайтаў паверыла», — пракамэнтаваў свой жарт Тамаса Бэнэдэці.

0
Henri / Адказаць
18.05.2017 / 18:25
Ці не пакараць гэтага тамасу за абразу? Ні ў кога рукі не дабяруцца?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру