18.05.2017 / 18:15

Памёр заснавальнік амерыканскага тэлеканала Fox News

Заснавальнік і былы кіраўнік амерыканскага інфармацыйнага тэлеканала Fox News Роджэр Эйлс памёр ва ўзросце 77 гадоў. Эйлс кіраваў каналам з моманту яго запуску ў 1996 годзе да вымушанай адстаўкі на фоне сэкс-скандалу ў 2016 годзе, піша ВBС.

Getty

Пра смерць Эйлса паведаміла яго жонка Элізабэт.

Роджэр Эйлс узначальваў Fox News з моманту запуску тэлеканала ў 1996 годзе і да лета 2016 года.

Да гэтага ён працаваў медыякансультантам у прэзідэнтаў ЗША ад Рэспубліканскай партыі Рычарда Ніксана, Рональда Рэйгана і Джорджа Буша.

СМІ паведамлялі, што Эйлс таксама кансультаваў Дональда Трампа падчас яго прэзідэнцкай кампаніі, пасля таго як пакінуў Fox News. Паводле гэтых паведамленняў, ён дапамагаў будучаму прэзідэнту падрыхтавацца да дэбатаў.

Летам 2016 года Эйлс быў вымушаны пакінуць свой пост. Гэта адбылося пасля таго, як былая вядучая Fox News Грэтхен Карлсан звярнулася ў суд. Яна сцвярджала, што Эйлс звольніў яе пасля таго, як тая некалькі разоў адхіліла яго дамаганні.

76-гадовы Эйлс адхіліў абвінавачванні ў свой адрас і заявіў, што гэта помста тэлевядучай за тое, што канал не працягнуў з ёй кантракт.

Свой сыход ён патлумачыў тым, што ператварыўся з паўнавартаснага супрацоўніка рэдакцыі ў «адцягваючы фактар».

Тэлеканал Fox News належыць медыяканцэрну Fox Entertainment Group, які ўваходзіць у склад холдынгу 21st Century Fox Руперта Мёрдака.

nn.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру