Рашэнне пра гэта было прынята на кангрэсе IIHF у Кёльне.
Чэмпіянат пройдзе з 7 па 23 мая 2021 года ў Мінску і Рызе. Такім чынам сумесная беларуска-латвійская заяўка перамагла заяўку ад Фінляндыі (55 галасоў супраць 52).
Матчы групавой стадыі і па два чвэрцьфінальныя паядынкі ЧС-2021 прымуць «Мінск-Арэна» (умяшчальнасць 15 086 гледачоў) і «Арэна-Рыга» (10 300). Паўфінальныя жа матчы, а таксама гульні за бронзу і золата адбудуцца ў Мінску.
Для сумеснага турніру Беларусь і Латвія выбралі слоган «Страсць. Без межаў».
Беларусь праводзіла ЧС у 2014 г., спачатку падавала заяўку асобна, а потым вырашыла аб'яднаць высілкі з Латвіяй.
ЧС у 2018 г. пройдзе ў Даніі, у 2019 г. у Славакіі, у 2020 г. у Швейцарыі.
***
У чэмпіянатах свету бярэ ўдзел 16 камандаў, якія разбітыя на дзве групы па восем зборных. Адна група будзе гуляць у Мінску, другая — у Рызе. Раней выказвалася меркаванне, што зборная Расіі будзе гуляць у Мінску.