Супрацоўнік Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандар Рар камэнтуе для «НН» апошнія павароты ў беларуска-расейскіх адносінах.

«НН»: Што хаваецца за патрабаваньнем Расеі да Беларусі расплачвацца ў наступным годзе за газ паводле новых, значна падвышаных цэнаў?

Аляксандар Рар: У адносінах да Беларусі Расея мае кароткатэрміновую і доўгатэрміновую стратэгію. Доўгатэрміновая стратэгія мае на мэце аб’яднаць Расею і Беларусь у адзіную дзяржаву. Заўважу: ня проста стварыць саюзную дзяржаву, а забясьпечыць «узьяднаньне». Але кіраўніцтва Расеі ўсьведамляе, што ў бліжэйшы час гэта наўрад ці магчыма зьдзейсьніць. Таму робяць стаўку на кароткатэрміновую стратэгію – змусіць Беларусь пайсьці на як мага больш шчыльнае саюзнае супрацоўніцтва, найперш у эканамічных справах.

Аднак адначасова ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка вядзе падвойную гульню ў адносінах да Расеі (дарэчы, падобна да таго, як сама Расея вядзе падвойную гульну ў адносінах да Захаду). Напрыклад, Лукашэнка жадае, каб Расея давала яму патрэбную абароненасьць ад NATO, каб падтрымлівала яго на міжнароднай арэне ў канфліктах з Захадам, але зь іншага боку – рэзка адмаўляецца ўводзіць адзіную валюту, бо ведае, што ў выніку гэтага ён згубіць магчымасьць самастойна вызначаць эканамічную палітыку ў краіне. Расеі гэта ўсё менш і менш падабаецца. Праз падвышэньне цэнаў на газ яна хоча даслаць Беларусі зразумелы сыгнал: ці вы крок за крокам становіцеся на шлях палітыкі аб’яднаньня і ў выніку гэтага атрымліваеце права карыстацца ўсімі выгодамі адзінай эканамічнай прасторы, ці крочыце сваім шляхам, як Украіна. Тады вы павінны плаціць іншыя грошы за энэрганосьбіты.

«НН»: Гэта ня першы «газавы» канфлікт паміж Расеяй ды Беларусьсю. Ці даможацца гэтым разам Крэмль сваіх мэтаў?

АР: Калі ў першы раз Расея адключыла Беларусі газ, вялося пра прыватызацыю беларускіх нафтаправодаў. Тады Беларусь была змушаная пайсьці ў «патрэбным» кірунку, і цяпер практычна згубіла кантроль над нафтаправодамі. «Слаўнафта» была падпарадкаваная інтарэсам «Сібнафты», і ў выніку гэтага расейскі ўплыў у Беларусі значна ўзмацніўся. І калі Расея сапраўды пажадае змусіць Беларусь гуляць па «ўкраінскіх» правілах, то ёй гэта ўдасца.

«НН»: Эўразьвяз рыхтуецца замарозіць рахункі, зьвязаныя зь беларускім рэжымам, ЗША стварылі ўласны сьпіс «неўязных» беларусіх чыноўнікаў і іх родных. Ці выпадковы такі сынхронны ціск на Лукашэнку і з Захаду і з Усходу?

АР: І той і іншы бок жадаюць паўплываюць на сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў, абодва маюць свае пазыцыі, таму і дзейнічаюць адпаведна.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі, Бэрлін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0