Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зробіць 29 траўня незаплянаваны візыт у Францыю. Як піша газэта «Коммерсант» са спасылкай на інфармаваныя крыніцы ў Парыжы і Маскве, гэта дасьць яму магчымасьць асабіста пазнаёміцца з Эманюэлем Макронам — новым прэзыдэнтам Францыі.

Паводле звестак крыніц «Коммерсанта», падставай для візыту стане адкрыцьцё ў Вэрсалі, рэзыдэнцыі францускіх каралёў, выставы, прысьвечанай Пятру Першаму. Зрэшты, як паведаміла «Коммерсанту» высокапастаўленая крыніца ў Крамлі, «парадак дня візыту будзе насычаным» і наўрад ці абмяжуецца ўрачыстай цырымоніяй у Вэрсалі.

Паводле суразмоўцы «Коммерсанта» у Парыжы, «цяжка сабе ўявіць, што Пуцін адправіўся б у Францыю, не атрымаўшы згоды, што сустрэнецца і пазнаёміцца з новым прэзыдэнтам».

Выстава ў Вэрсалі прымеркаваная да 300-годзьдзя візыту ў Францыю расейскага цара і ўстанаўленьня паміж дзьвюма краінамі дыпляматычных адносінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0