У нядзелю 28 мая запрашаем на вандроўку з гісторыкам і экскурсаводам Паўлам Каралёвым з серыі вандровак «Мінскае кола».

«Кулінарнае Мінскае кола. Сезон бацвіння» пройдзе па маршруце: Мінск —Кіявец — Івянец — Пяршаі — Малая Люцынка — Тупальшчына — Ракаў — Мінск.

Падчас вандроўкі ў аграсядзібе «Марцінова Гусь» нас чакае майстар-клас і пачастунак па старых беларускіх рэцэптах ад гаспадара і даследчыка старабеларускай кухні Алеся Белага, вядомага таксама пад мянушкай Кухмістр Верашчака.

Кошт гэтай вандроўкі з пачастункам — 50 бел. руб., а для заўсёднікаў і для групаў ад 4-х чалавек са зніжкай (пры ўмове папярэдняй аплаты) — 45 бел. руб.

Запіс на вандроўку і ўся папярэдняя інфармацыя па тэл. +375291342804, +375255458430 (Валерыя).

Падчас вандроўкі мы наведаем адметныя мясціны гэтага рэгіёна:
- Кіявец, дзе побач з хуткаплыннай Іслаччу размясцілася драўляная Свята-Троіцкая царква 1919 года з цікавай гісторыяй.
- Івянец, дзе ўбачым падобны да Мінскай праваслаўнай катэдры, вытанчаны касцёл св. Міхаіла Архангела 1740-х гадоў у стылі віленскага ці беларускага барока, а таксама яшчэ адзін прыгожы неагатычны касцёл св. Аляксея пачатку 20 ст. ды падмуркі колішняй сядзібы ўладальнікаў Івянца Плявакавых.
- у старажытным мястэчку Пяршаі ўбачым адметны неараманскі касцёл св. Юрыя і Божай Маці (1930-я гады) і спазнаем велічныя і трагічныя старонкі яго гісторыі.
- Малую Люцынку, звязаную з вядомым беларускім дзеячом, драматургам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, бо тут непадалёк знаходзіўся яго маёнтак. У Люцынцы былі створаны яго неўміручыя творы. Наведаем таксама і Тупальшчыну, месца апошняга спачыну слаўнага «Навума Прыгаворкі» (псеўданім Дуніна-Марцінкевіча).
- напрыканцы падарожжа завітаем ў мястэчка Ракаў, якое у міжваенны час праз крымінальныя гісторыі атрымала назву беларускага Чыкага. Прыемнае ўражанне пакідаюць храмы Ракава: неагатычны касцёл Дзевы Марыі (1906 г.), Прыабражэнская царква (1793 г.). Невыпадкова Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Афінамі». Упэўніцца ў гэтым можна адправіўшыся ў падарожжа.

Сядзіба «Марцінова Гусь» у Малой Люцынцы на ўскрайку Налібоцкай Пушчы, паводле яе гаспадара Алеся Белага, ёсць нешта сярэдняе паміж шляхецкай сядзібай сярэдзіны 19 ст. і габрэйскай карчмой, дзе час спыніўся ў 1862 годзе. Пан гаспадар паўстае перад наведнікамі ў вобразе дзівака-карчмара Янкеля, які памятае і старажытныя рэцэпты з забытых шляхецкіх кулінарных кніг, і габрэйскія спевы, і беларускія танцы. Ён распавядае безліч неверагодных гісторый пра сваіх бліжэйшых суседзяў, што жылі ў розныя эпохі: пра шляхту і паўстанцаў, пра Міцкевіча і Дуніна-Марцінкевіча, але больш за ўсё — пра розныя стравы літоўска-беларускай, польскай, габрэйскай кухняў, пра паходжанне і сімволіку гэтых амаль забытых у Беларусі страваў, задае каверзныя пытанні-загадкі, выдае за правільныя адказы цудоўныя прызы і адразу ж частуе гэтымі стравамі.

Гэтая вандроўка будзе прысвечаная адкрыццю сезону бацвіння — халоднага супу на квасе, які запраўляюць адварным лісцем буракоў ці іншай зеляніны, а таксама зялёнай цыбуляй, агурком, варанай бульбай, яйкамі, ды іншымі дадаткамі ў залежнасці ад канкрэтнага рэцэпту: чырвонай ці белай рыбай (свежай ці салёна-вэнджанай), або вэнжанымі свінымі вушамі і інш.

Акрамя бацвіння вы даведаецеся і пакаштуеце такія стравы, як кнышы з капустай і грыбамі, з тварагом і кропам, карп па-габрэйску, тушаны ў піве, гарохавыя «камы», калдуны графа Тышкевіча, вып'еце кавы ці гарбаты з традыцыйнай старабеларускай выпечкай — дражджавымі «бабамі», а таксама правядзеце дэгустацыю аднаго з мацнейшых старажытных беларускіх напояў.

Запісвайцеся: +375291342804, +375255458430 (Валерыя).

Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Культура роднага краю» УНП 192664818

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0