1. Кліент павінен чакаць. Да касаў мусяць быць чэргі. Калі да касаў няма чаргі, аб’ект буйнога гандлю працуе неэфектыўна, а ягоныя ўладальнікі цярпяць страты. У выпадку адсутнасці чаргі менеджар залы павінен закрыць частку касаў ажно да стварэння натоўпу перад касамі, што працуюць. Гэта дазваляе эканоміць на заробках касірак нават лепей за штрафы, якія ў касірак вылічваюцца за парушэнні.

2. Чарга ў аб’екце гандлю павінная складацца як найменей з пяці, як найболей — з дваццаці чалавек. Пасля гэтай мяжы пакупнікі з кошыкамі пачынаюць злавацца і сыходзіць, пакідаючы замарожаныя прадукты раставаць і псавацца проста ў зале. Гэта вядзе да стратаў уладальнікаў гандлёвай сеткі. Уладальнік заўсёды мае рацыю.

3. Тут гандлююць тым, што гандлюецца. Беларусь — краіна тавараў шырокага спажывання.Тэлефон у цябе мусіць быць Samsung, машына — KIА, ноутбук — Lenovo (ці Asus, ці Apple, што ў сэнсе распаўсюджанасці — адна трасца). І не дай табе Божа захацець нечага «не як ва ўсіх». Для навушнікаў Sennheiser HD 579 мне спатрэбіўся кабель з пераходнікам міні-джэк (3,5 мм) — мікра-джэк (2,5 мм), бо ўвесь час насіць у кішэні з тэлефонам канцэртны важкі штэкер некамфортна. Месцаў, у якіх гандлююць правадамі, у тым ліку для аўдыёпрыладаў, да халеры, спецыялізаваных крамаў у горадзе і ў інтэрнэце — бы міліцыі на канцэрце. Але ўсе яны прапануюць стандартны провад з выхадамі 3,5 мм на 3,5 мм. Патрэбнае нешта нестандартнае? Можам вам прапанаваць провад 3,5 мм на 3,5 мм ружовага колеру са стразамі. Вам патрэбная hi-end гарнітура для Sennheiser? «Ідзіце на ебэй»!

4. Пастаўшчык павінен быць адзін. Калі вы ходзіце па рынку і шукаеце смажаны кеш’ю, а на першай кропцы вам кажуць, што смажанага кеш’ю ім сёння не завезлі і што наогул гэта шкодная для здароўя рэч, бо смажанне забівае ўсё карыснае ў арэхах, утвараючы канцэрагены, але пасля пропаведзі вам усё роўна хочацца смажанага кеш’ю — забудзьцеся на смажаны кеш’ю! Ва ўсіх астатніх месцах, дзе прадаюць разынкі, курагу і арэхі, гандляры рознай нацыянальнасці з розным акцэнтам будуць паўтараць вам тую самую гісторыю, што кеш’ю не завезлі, што ён шкодны, а вось вазьміце ж лепей зефіру на агар-агары. З’ехаць з Мінска на рынак горада-сатэліта не дапаможа. Лепей адразу ідзіце на ебэй!

5. Тое ж тычыцца інтэрнэту. Калі па першай аб’яве вам сказалі, што абраны вамі тэлефон BlackBerry існуе толькі з амерыканскім зарадным прыстасаваннем, да якога прылеплены манструозны адаптар да беларускай разеткі — роўна тое самае вам скажуць яшчэ ў 17 месцах, куды вы надумаеце пазваніць. У кожнага з 17 будзе асобны рэйтынг на Анлайнеры, асобны пук добрых і дрэнных каментаў, пяць сотавых нумароў, на кожным з якіх будзе сядзець ветлівы ды бадзёры аператар. Але насамрэч уся гэтая хрэнь існуе толькі каб замаскіраваць просты адказ: кеш’ю сёння не завезлі, ідзіце на ебэй.

6. Галоўны чалавек у любым беларускім гіпермаркеце — ахоўнік. Ды што я вам кажу, вы самі чыталі навіны. Ахоўнік галоўны, бо, па-першае, ён носіць пінжак і мае навушнік у вуху, што робіць яго падобным да агента Сміта з «Матрыцы» (так падаецца самому ахоўніку). Па-другое, ахоўнік бароніць прыватныя маёмасныя інтарэсы ўласнікаў і таму з’яўляецца іх асабістым васалам. У феадальных сістэмах (а любы буйны беларускі гіпермаркет — гэта менавіта феадальнае каралеўства) прыватная гвардыя караля — найбольш магутная сіла. Ахоўнік можа дагледзець вашу сумку. Ахоўнік можа выклікаць міліцыю. Вы, здавалася б, таксама можаце выклікаць міліцыю, але ахоўнік у пінжаку і ў яго ёсць навушнік у вуху. То бок ён сам ужо напалову міліцыя. Так што прызвычайцеся да думкі, што ахоўнік тут галоўны, вы — бяспраўная моль. Get your shit and get out.

7. З пакецікаў, якія напіхваюць у валізы хуткай дастаўкі службы, што працуюць па развозе прадуктаў праз інтэрнэт, можна збудаваць вялізны цэлафанавы палац на гарадской сметніцы. Экалогія, тэрмін раскладання таго цэлафану, выгляд гораду праз 20 гадоў дастаўшчыкаў не цікавяць. У той жа Італіі ўсе прадукты пакуюць у папяровыя абгорткі. Але папера даражэйшая, а сабекошт мусіць быць нізенькі, інакш не будзе звышпрыбыткаў.

8. Войны на стаянцы. Значная частка гандлёвых цэнтраў у Мінску і абласных цэнтрах мае стаянкі, якія значна меншыя за пікавую колькасць машын у 19.00 працоўнага дня. Зрабіць нармальную стаянку замінаюць роўна тыя ж прычыны, што вызначаюць матывы ў пункце нумар адзін: дзе пакупнік пакіне тачылу — ягоная праблема, галоўнае мінімізаваць выдаткі на ўвод аб’екта ў эксплуатацыю. Наогул, чым больш знерваваным і паспешлівым кліент будзе ў гандлёвай зале — тым лепей. Бобік, які пакінуў тачку пад знакам, будзе прымаць рашэнні спехам і, такім чынам, з большай доляй імавернасці падзе ахвярай агрэсіўнага беларускага мэрчандайзу, пра які варта будзе неяк скласці асобную паэму. Стаянкі перад гіперамі звычайна пакрытыя супярэчлівымі стрэлачкамі, забараняльнымі знакамі (куды ж без іх!), прычым часцяком у два слоі, бо танная фарба на асфальце больш за два сезоны не трывае. І — самае галоўнае — на стаянцы, недзе ўбачку, раз-пораз убачыш затоеную машыну ДАІ, якая адсочвае ахвяр дрэннай паркоўкі і з асалодай іх штрафуе. Вось гэтая дэталька, ДАІ на паркоўцы ў месцы, куды людзі прыязджаюць траціць свае грошы, — гэта вельмі па-беларуску!

9. Кандыцыянер у гіпермаркетах мае тую ж функцыю, што і чырвоны колер лагатыпаў сетак хуткага харчавання. Ён мусіць херачыць пакупнікам проста ў галовы, так, каб яны міжволі рухаліся і шопіліся хутка-хуценька. Крышачку запаволіўся ля вітрыны, задумаўся, якую рыбіну браць, — атрымаў неўралгію трайнічнага нерва. Чым халадней у зале — тым лепей для ўсіх. Вось і прадукты на паліцах зберагаюцца лепей. Пазбягайце сетак, у якіх касіркі летам сядзяць у футраных камізэльках — уладальнікі гэтых крам думаюць пра вас вельмі дрэнна.

10. Выява прадуктаў на сайце электроннай дастаўкі адыгрывае ролю іканічнага знака (Ч. Пірс). Яна не ўказвае, як будуць выглядаць прадукты, якія вам прывязе абгорнутымі ў мільён цэлафанавых пакетаў кур’ер. Гэтая выява-іконка намякае на ўласцівасці, характэрныя для ўсёй групы аб’ектаў, што называюцца, напрыклад, словам «банан» ці выразам «прадукт вэнджана-вараны з кураціны». Несупадзенне таго, што вам прывезлі, і таго, што вы чакалі, што вам прывязуць, з’яўляецца выключна вашай праблемай і паходзіць з дрэннага ведання вамі, пакупнік, семіётыкі Ч. Пірса.

Што б мы з вамі ні думалі з нагоды законаў, якія руляць беларускім гандлем, іншага гандлю ў гэтай краіны для нас няма. Усе незадаволеныя ідуць на ебэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?