Місіянерскі аддзел Чэлябінскай епархіі РПЦ звярнуўся ў пракуратуру з просьбай праверыць на адпаведнасць расійскаму заканадаўству фестываль фарбаў, які павінен прайсці ў Чэлябінску, паведамляе ВВС.

Фестываль фарбаў у Мінску, фота Сяргея Гудзіліна

Прадстаўнікі царквы лічаць, што арганізатары мерапрыемства імкнуцца навязаць маладому пакаленню «чужыя каштоўнасці, чужую, варожую яму духоўнасць і нажыцца на гэтым».

На думку епархіі, удзел у імпрэзе, прысвечанай «памяці індыйскай дэманіцы Холікі, спаленай на вогнішчы», недапушчальны, у асаблівасці для ахрышчаных жыхароў рэгіёну.

У місіянерскім аддзеле падкрэслілі, што разглядаюць свята Холі «як форму «мяккага, апасродкаванага празелітызму, змяінага пранікнення дэманічных практык у душу нашага народа з мэтай яго дэфармацыі».

У епархіі таксама абвінавацілі арганізатараў у «адкрытым падлогу» з-за таго, што мерапрыемства, раней вядомае як «Фестываль фарбаў Холі», было перайменаванае ва «Усерасійскі Фестываль фарбаў».

«Каб пазбегнуць вялікай бяды, пара даць гэтай з'яве прынцыповую, у тым ліку, прававую ацэнку — не толькі на рэгіянальным, але і на федэральным узроўні», — гаворыцца ў заяве місіянерскага аддзела.

У першую чаргу, на думку прадстаўнікоў царквы, трэба праверыць змястоўны бок фестывалю на адпаведнасць «Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі РФ», прынятай у 2015 годзе.

У рэгіянальнай пракуратуры пацвердзілі, што атрымалі зварот ад місіянерскага аддзела Чэлябінскай епархіі. Як адзначыў суразмоўца агенцтва, пытанне аб правядзенні праверкі пакуль не вырашанае.

Паслядоўнікі індуізму традыцыйна адзначаюць свята Холі ў канцы лютага — пачатку сакавіка. Удзельнікі фестывалю ладзяць шэсці і танцы і абсыпаюць адзін аднаго каляровымі парашкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?