Брытанскае незалежнае агенцтва Information Commissioner’s Office (ICO), на якое ўскладзеныя абавязкі па абароне прыватнай інфармацыі, заявіла, што тэхналёгіі Google Street View адпавядаюць нормам інфармацыйнай бясьпекі.

Спэцыялізаваным аўтамабілям Google’а, абсталяваным панарамнымі камэрамі, быў дадзены дазвол рабіць здымкі вуліц брытанскіх гарадоў, нягледзячы на занепакоенасьць грамадзкасьці. Некаторыя праваабрончыя арганізацыі выказалі засьцярогі, што ў кадар могуць трапіць нумарныя знакі аўтамабіляў і твары людзей, і што такія здымкі могуць уяўляць пагрозу для прыватных асоб.

З падобным супрацьдзеяньнем Google сутыкнуўся і ў іншых эўрапейскіх краінах, напрыклад, у Францыі, дзе камэры кампаніі зьнялі маршрут прэстыжных роварных спаборніцтваў Тур дэ Франс.

Згодна з заявай ICO, усе дэталі здымкаў, якія ўтрымліваюць якую‑кольвек прыватную інфармацыю, будуць пададзеныя ў нераспазнавальным выглядзе на сайце Google Maps. Пошукавы гігіант у сваю чаргу цьвердзіць, што сэрвіс Street View не парушае закону пра недатыкальнасьць прыватнага жыцьця. Кампанія таксама прапануе карыстальнікам паведамляць пра здымкі, якія ім пададуцца недарэчнымі. Такія выявы будуць выдалены з сэрвэра.

Google Street View пачаў дзейнічаць у траўні 2007 году ў ЗША. Хоць спэцыялізаваныя аўтамабілі Google былі неаднаразова заўважаныя ў Вялікабрытаніі, кампанія пакуль не паведамляла пра тое, калі выявы вуліц зьявяцца на мапах краіны.

Паводле net.compulenta.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0