Лукашэнка патрабуе аддачы і вынікаў ад беларускага хакея. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па развіцці ў краіне гэтага віду спорту.

Ва ўступным слове кіраўнік краіны адразу падкрэсліў, што стан спраў у хакеі абмяркоўваецца на асобнай нарадзе ў кіраўніка дзяржавы зусім не таму, што ў гэтай сферы ёсць вялікія дасягненні або, як прынята казаць у грамадстве, ён сам гуляе ў хакей. Прычына ў тым, што хакей, нароўні з футболам, — найбольш масавыя віды спорту.

«Імі не проста цікавяцца, але захапляюцца мільёны людзей. У Беларусі гэта практычна ўсё насельніцтва, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта настроі людзей, галоўная ідэалогія любой краіны. Ідэалогія — гэта не лекцыі. На лекцыю можа прыйсці максімум 300—500 чалавек. Хакейны ж матч глядзяць мільёны. Вось у чым пытанне».

Калі мы ўжо прынялі рашэнне займацца гэтым відам спорту, развіваць яго (ён у нас вельмі папулярным стаў), ну дык давайце па-сапраўднаму займацца. Але вынікі зусім кепскія, — канстатаваў беларускі лідар. — Мы правалілі Алімпійскі кваліфікацыйны турнір, саступіўшы зборнай Славеніі, якая зорак з неба не хапае. Другі год запар балансуем на мяжы вылету з наймацнейшай групы на чэмпіянаце свету».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пэўныя паражэнчыя настроі прысутнічаюць і сярод саміх хакеістаў: «Інтэрв'ю давалі самі хакеісты перад апошнімі дзвюма гульнямі. І казалі пра адно: ніхто пра плэй-оф ужо не думае, дай бог б утрымацца ў гэтым вышэйшым дывізіёне. Настрой такі ў хакеістаў — гэта асобная размова».

Паводле слоў кіраўніка краіны, таксама пакідае жадаць лепшага гульня вядучага клуба — мінскага «Дынама».

«Прынамсі, не выканалі тое, што абяцалі. Ды і ў цэлым наш унутраны чэмпіянат так і не стаў фабрыкай падрыхтоўкі рэзерву, дзе растуць і гартуюцца хакейныя таленты. Скажу проста: унутранага чэмпіянату няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што грошы ў гэты від спорту ўкладваюцца немалыя — 18% ад усіх выдаткаў на фізкультуру і спорт з улікам сродкаў падтрымкі з усіх крыніц.

«Пятая частка грошай ідзе на адзін від спорту. Аддачы ніякай! — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Замест гонару за колеры свайго сцяга пасля вашых гульняў заўзятары проста абураюцца. Яны ўжо мне пачалі пісаць лісты. І я з імі згодзен — абсалютна бязвольныя выступы, адсутнічае камандная гульня, не кажучы ўжо аб індывідуальным майстэрстве. Ды і трэнерская праца кепская».

Лукашэнка падкрэсліў, што ў хакей ўжо ніхто не гуляе, а, хутчэй, выходзяць на бітву.

«А мы выходзім пакатацца туды. Нейкія стратэгіі будуем: вось чатыром наймацнейшым камандам на чэмпіянаце свету здамо гульні, а ў тых выйграем. Гуляць трэба, перадусім! І з канадцамі, і з расійцамі, і са шведамі. Гуляць трэба, змагацца, нават калі вы прайграеце, але згуляеце ад душы, народ даруе. А калі вы выходзіце, прайграўшы гульню да яе пачатку, і ў вас ногі падкошваюцца … нават бегаць не можаце. Дык вы фізічна падрыхтуйце каманду!» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?