Зборачную вытворчасць тэхнікі «Амкадор» плануецца адкрыць у Егіпце, паведаміў сёння журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч па выніках беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі, перадае БЕЛТА.

«На заключнай стадыі знаходзяцца дамоўленасці па стварэнні ў Егіпце зборачнай вытворчасці «Амкадор». Егіпецкая дэлегацыя ўчора наведала гэта прадпрыемства, яна адзначыла высокую якасць прадукцыі прадпрыемства і зацікаўлена ў супрацоўніцтве», — сказаў Уладзімір Калтовіч.

Паводле яго слоў, Егіпет таксама зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў галіне транспарту, аб чым ішла размова на перагаворах з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам і міністрам транспарту і камунікацый Анатолем Сіваком. «Абмеркаваны тры напрамкі ўзаемадзеяння. Першы — мадэрнізацыя наземнага транспарту (аўтобусы, тралейбусы, трамваі). Другі — павелічэнне грузаабароту і міжрэгіяльных перавозак: егіпецкі бок ставіць задачу павялічыць у 10 разоў аб'ём грузаперавозак. Трэці - рэканструкцыя чыгуначнага транспарту. Абмеркаваны нашы магчымасці ў галіне паставак рухомага саставу, егіпецкі бок выказаў зацікаўленасць у гэтай тэме», — расказаў міністр.

Акрамя таго, намечаны сур'ёзныя праекты ў галіне сельскай гаспадаркі. «Егіпет выдзеліў для нашага агульнага праекта зямельны ўчастак, створана рабочая група ў ходзе сённяшняй камісіі. Беларускі бок узначаліць адзін з намеснікаў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. У бліжэйшы час рабочая група наведае Егіпет, дзе будзе прапрацавана пытанне па выкарыстанні беларускіх тэхналогій пры будаўніцтве аграгарадкоў, малочнатаварных ферм», — адзначыў Уладзімір Калтовіч.

У сваю чаргу міністр гандлю і прамысловасці Егіпта Тарык Кабіль ацаніў перагаворы егіпецкай дэлегацыі з намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Сямашкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем як плённыя. «Мы абмяркоўвалі новыя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва. Мы паспрабуем сканцэнтраваць нашу ўвагу на развіцці прамысловай кааперацыі і інвестыцыйнага супрацоўніцтва», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0