Як стала вядома «Нашай Ніве», у Беларусі пашыраецца новы від разводаў з серыі «праверкі вады» — памятаеце, гэта калі тысячы даверлівых людзей павяліся на нібыта «дыягнаставаныя» махлярамі праблемы і за шалёныя грошы купілі звычайныя фільтры для кранаў.

Пасля была яшчэ «праверка вокнаў» з той жа серыі.

І вось цяпер новая схема — ашуканцы абзвоньваюць кватэры з прапановай праверыць камп'ютар.

Прычына сфармулявана грувастка і лёгка можа ўвесці ў зман неабазнанага ў тэхніцы чалавека:

голас у трубцы кажа, што ў дом неўзабаве будзе пракладзенае оптавалакно (сучасны кабель, праз які інтэрнэт робіцца ў разы шпарчэйшым) і для таго, маўляў, каб пры падключэнні оптавалакна не было ніякіх перагрэваў ды збояў, трэба праводзіць праверку тэхнікі. Кажуць, што «усё ўзгоднена з гарвыканкамам» і «праверка — агульнагарадская».

Калі чалавек пагаджаецца і прымае візіт «спецыялістаў», то прэзентабельна апрануты маладзён-«праграміст» завальвае тэхнічнымі фразамі і пераконвае ахвяру, што і тая дэталь кампутара ледзь дыхае, і гэтая праз месяц перагарыць, дый увогуле — сучасныя інтэрнэт-сістэмы ўжо не змогуць спалучацца з такой «састарэлай» ці «няспраўнай» тэхнікай. 

Такім чынам, чалавека схіляюць да дарагога рамонту, у якім няма патрэбы — насамрэч оптавалакно не можа выклікаць праблем з тэхнікай. 

Вядома, што «рамонт» могуць выканаць адразу на месцы, нават калі ў небаракі не будзе ўсёй патрэбнай сумы — аплата расцягнецца паводле падпісанага кантракту. 

Будзьце пільнымі — як паказвае досвед іншых, вярнуць грошы і аспрэчыць пункты падпісанага кантракту надзвычай складана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?