У Віцебску мужчына з помсты падпаліў аўтамабіль суседа, паведаміла БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

Фота УСК па Віцебскай вобласці

Фота УСК па Віцебскай вобласці

Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта выстаўленае абвінавачванне ў наўмысным знішчэнні і пашкоджанні маёмасці жыхару Віцебска, які з помсты падпаліў аўтамабіль 44-гадовага знаёмага. З моманту затрымання мужчына ўтрымліваецца пад вартай.

Інцыдэнт адбыўся ў мікрараёне Білева ноччу 13 мая. У двары шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Караткевіча адбыўся пажар. Гарэў аўтамабіль Volkswagen Golf, 1988 года выпуску. Каля 2 гадзін ночы жыхары паведамілі пра ўзгаранне ў МНС і міліцыю. Агонь паспеў пашкодзіць і аўтамабілі Mazda і Nissan Primera, якія стаялі побач.

На месца здарэння прыбыла следча-аператыўная група, якая правяла агляд месца здарэння, апытала відавочцаў і ўладальнікаў аўтамабіля. Па гарачых слядах супрацоўнікі органаў унутраных спраў знайшлі і затрымалі падазраванага ў падпале аўтамабіля. Ім аказаўся 52-гадовы жыхар Віцебска, які раней адседзеў за забойства 7,5 года.

Следчыя высветлілі, што мужчына мэтанакіравана рыхтаваўся да падпалу аўтамабіля новага суседа, які восенню мінулага года набыў суседні прыватны дом у Кастрычніцкім раёне Віцебска. Канфлікт паміж суседзямі прывёў да таго, што мужчына высачыў, дзе пацярпелы пражывае ў мікрараёне Білева і ставіць свой аўтамабіль. У пачатку мая падазраваны прыехаў туде на ровары і пракалоў усе колы Volkswagen. А ўжо ў ноч на 13 мая пасля ўжывання спіртных напояў вырашыў падпаліць аўтамабіль суседа: разбіў шкло, абліў салон бензінам і падпаліў. Аўтамабіль быў цалкам знішчаны.

Па гэтым факце Віцебскім ГОСК распачатая крымінальная справа па ч.2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі (наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам).

Следчыя правялі ператрус па месцы жыхарства затрыманага, у выніку якога канфіскавалі ровар, спецвопратку, пальчаткі, гаруча-змазачныя і лёгка самазапальваючыя вадкасці. Для вызначэння нанесенай шкоды пацярпелым у выніку пажару прызначаныя экспертызы.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0