Другі медаль у скарбонцы беларускай каманды на Алімпіядзе ў Пекіне з'явіўся на пяты дзень пасля адкрыцця Гульняў. Здабыў яе спартсмен, на поспех якога нават настаўнік-максімаліст, заслужаны трэнер СССР Генадзь Сапуноў спадзяваўся толькі ў глыбіні душы. Так, 24-гадовага барца грэка-рымскага стылю Міхаіла Сямёнава (вагавая катэгорыя да 66 кг) некаторыя спецыялісты ў апошнія месяцы адносілі да ліку прагрэсіруючых. Але наўрад ці хто з іх рашыўся б прадказаць яму пекінскі медаль. Затое сам спартсмен зусім не здзівіўся свайму поспеху.

— На Алімпіяду ехаў выключна за медалём. Іншых, больш прыземленых мэт перад сабой і не думаў ставіць. Прайсці адзін або два раунды, выглядаць дастойна ў схватках з моцнымі сапернікамі - аб такіх задачах новае кіраўніцтва нашай зборнай на чале з галоўным трэнерам Генадзем Андрэевічам Сапуновым нават думаць забараняе. Настаўнікі заўсёды нацэльваюць толькі на максімальны вынік, прывіваюць дух пераможца. Праўда, не заўсёды гэты працэс праходзіць гладка, часам здаецца, што яны дзейнічаюць занадта жорстка, перагібаюць палку. Але калі гэта прыносіць вынік, значыць, усё робіцца правільна. Новы трэнерскі штаб працуе з камандай усяго дзевяць месяцаў, і я вас запэўніваю, за гэты час усе спартсмены дасягнулі значнага прагрэсу. І гэты медаль — вось убачыце — толькі першая ластаўка. У зборнай змянілася многае — падыход да спартсменаў, графікі трэніровак.

— Быў час, калі цябе залічылі ў разрад бесперспектыўных...

— У той перыяд, калі накрыла нейкая чорная паласа, я прайграваў турнір за турнірам і трэнеры паставілі ўжо на мне крыж, я не здаўся. Даказаў, што любы спартсмен, які пастаянна імкнецца да мэты і вельмі шмат трэніруецца, можа выбрацца з любой багны. Вось, кажуць, што вагавая катэгорыя 66 кг, ды і некаторыя іншыя, у нас зусім слабыя. Маўляў, не хапае моцных спарынг-партнёраў. Глупства ўсё гэта. Хлопцы на многае здольныя. Проста ўдача некаторы час упарта паварочвалася да нас спінай, і трэба было не зламацца, перацярпець. У кожнай вазе сярод беларускіх хлопцаў ёсць перспектыўныя барцы, і я гэта даказаў. Проста трэба дапамагчы ім раскрыцца, паверыць у сябе.

— На шляху да медаля ты правёў пяць схватак, і ніводная на далася табе малой крывёю.

Прарываўся за кошт упартасці і характару.
Мне і ў жыцці нярэдка выпадала пераадольваць перашкоды такім чынам, хоць я сам вельмі дружалюбны, неканфліктны, у мяне шмат сяброў і прыяцеляў. Думаю, нямногія з іх чакалі ад мяне медаля. Упэўнены, яны шчыра за мяне рады.

— Ты ўступіў толькі французу Стыву Гено, які стаў затым алімпійскім чэмпіёнам. Як лічыш, здольны быў яго абгуляць?

— Манеру адзін аднаго мы вывучылі добра, бо летам у Стайках быў арганізаваны трэніровачны лагер, дзе рыхтаваліся да Алімпіяды многія знакамітыя барцы. Вельмі шмат працавалі разам, а затым яшчэ сустракаліся ў фінале Гран-пры Германіі. Там я, праўда, яму таксама прайграў, хоць і ў першым, і ў другім перыядах лік быў 1:1, але фішка лягла ў яго бок. Не буду казаць, што сённяшні поспех француза несправядлівы. Але і ў мяне былі шанцы, і я да апошняга імкнуўся іх выкарыстаць.

— Раскажы крыху пра сябе.

— Я з Мінска. Бабуля жыве ў вёсцы Ліпнікі, дзе ў мяне шмат сяброў. Барацьбой стаў займацца ў секцыі ў трэнера Касаўцава Анатоля Іванавіча. Ён не толькі класны спецыяліст, але і вельмі добры чалавек. Дзякуй яму і трэнерам сталічнай школы алімпійскага рэзерву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?