Грымяць яшчэ абмеркаванні прафесійнасці міліцыянераў і службы аховы метрапалітэна падчас затрымання буйнага хлопца ў метро. І адна з такіх спрэчак адзначылася тым, што ў ёй узяў удзел кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч. 

Ён зарубіўся з Антонам Матолькам пад адным з допісаў у фэйсбуку, называючы блогера то «малышом», то «дзяўчынкай». 

Пачалося ўсё на старонцы палкоўніка Ігара Пармона — Матолька спытаўся, да якога ведамства належаць ахоўнікі метро. 

Цягам абмеркавання ў каментах з'явіўся Канстанцін Шалькевіч, напісаўшы «О, яшчэ адзін профі з'явіўся… Час ісці па поп-корн». 

Пасля градус палемікі толькі павышаўся: Матолька назваў імідж міліцыі адмоўным, на што атрымаў адказ, што меркаванне аднаго чалавека, які лічыць сябе фатографам, не адлюстроўвае агульнай сітуацыі. 

Далей пікіроўка вылілася ў абразы. 

«Я нагадаў, што Шалькевіч — супрацоўнік дзяржаўнага ведамства, якое функцыянуе на нашыя падаткі. Ну і нагадаў, што гэта інтэрнэт — тут і на…й паслаць могуць», — сказаў нам Матолька. 

Такі намёк на абразу выклікаў шал у Шалькевіча. 

Ён напісаў, што «дзяўчынка пакрыўдзілася» і што «малыш можа паслаць толькі ў інтэрнэце». 

Блогер зрабіў скрыншоты і выклаў іх на сваёй старонцы. 

https://www.facebook.com/AntonMotolko/posts/10155305709181308?pnref=story

Шалькевіч адрэагаваў наступнай фразай: 

«Антон, па завядзёнцы, не даў полнай карціны. І не выклаў свой пост. А за такое морду б'юць. Праўда, не дзяўчатам, канечне. Тут, у натоўпе ягоных прыхільнікаў, я, канечне, не баец. Але ў іншай галінцы ён баязліва зліўся, вырваў словы з кантэксты і запосціў тут. Усё гэта, канечне, гнюсна. Але як ёсць».

Каментатары па-рознаму ацэньваюць рэакцыю прэс-сакратара на Матольку, як і словы таго пра «на…й паслаць могуць». 

Што да канкрэтна гэтай фразы, то Антон сказаў нам, што «яна адрасавалася Шалькевічу, але канкрэтна яго я не пасылаў». 

Аператыўна звязацца з Шалькевічам па каментар у нас не атрымалася.

Пра яго пазіцыю можна меркаваць па паведамленні, якое міліцыянер пакінуў у інтэрнэце.

«Рэакцыя была не на сітуацыю. Тут якраз усё нармальна. А на хамскі допіс Антона Матолькі, які ён не хоча выкладаць. І адзначу, што я тут пішу як прыватная асоба. Мой акаўнт ніякай прывязкі да МУС не мае. Проста, прайграўшы ў мужчынскай спрэчцы, Антон усё перавёў на сваю звыклую барацьбу з сістэмай. Але гэта тут ні пры чым», — напісаў Шалькевіч.