Супрацоўнікі мытні будуць выконваць некаторыя абавязкі памежнікаў на працягу трох месяцаў. Такі эксперымент пачнецца ў пункце пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай 1 чэрвеня. Пра гэта паведамляе сайт мытнага камітэта

З 1 чэрвеня па 1 верасня ў міжнародным аўтадарожным пункце пропуску «Казловічы» мытнікі возьмуць на сябе частку абавязкаў памежнікаў. Супрацоўнікі мытні спасылаюцца на прэзідэнцкі ўказ № 179 ад 23 мая 2017 года.

Мытнікі будуць правяраць дакументы фізічных асоб, захаванне замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства правілаў знаходжання ў Беларусі і правілаў транзітнага праезду праз нашу краіну.

Таксама мытнікі будуць праводзіць санітарна-каранцінны кантроль фізічных асоб, правяраць у кіроўцаў дакументы аб абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.

Для эксперыменту 66 супрацоўнікаў Брэсцкай мытні вучыліся ў цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў пагранкантролю ў Інстытуце пагранслужбы.

Беларускія мытнікі адзначаюць, што функцыі мытнага і пагранкантролю сумяшчаюць у перадавой сусветнай практыцы. Для дадзенага эксперыменту вывучалі досвед Фінляндыі.

Новы механізм дазволіць працаваць па прынцыпе «адно акно»: усе дакументы трэба будзе прадастаўляць мытніку, пры гэтым скароціцца час на кантроль у пункце пропуску, выключаць дубляванне некаторых функцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?