29.05.2017 / 16:13

Рэаліі СССР: слабога розумам 87-гадовага дзядулю прысудзілі да 10 гадоў за антысавецкую агітацыю. Праз паўгода ён памёр у лагеры 15

Піша гісторык Зміцер Дрозд.

Савецкая ўлада была нялюдскай. Яна не ведала ні спагады, ні літасці. Кожны раз пераконваешся ў гэтым, адкрываючы архіўныя справы НКУС. І хоць у гэтай тэчцы, якая захавалася і даступнай у занальным архіве Оршы, усяго 10 лістоў, гэта якраз той выпадак, калі нават дадумваць нічога не трэба, настолькі ўсё відавочна. Вядома, што лепш за ўсё сутнасць дзяржавы выяўляецца ў яе стаўленні да дзяцей, жанчын, інвалідаў і старых. Выпадак з беларускім селянінам Людвігам Качаноўскім паказвае, як ставілася савецкая дзяржава да старых.

Людвіг Францавіч Качаноўскі, паляк, нарадзіўся ў 1850 годзе ў вёсцы Казялкоў Чашніцкага павета. Так, яшчэ пры прыгоне! Тое, што ў яго справе ўказана «з сялян», а не з дваран, дае нам усе падставы меркаваць, што яго сям'я пасля вызвалення ад прыгоннага права ўсяго дамагалася сама, сваёй працай. Але ў 1929 г. ён і яго блізкія страцілі ўсё — былі раскулачаныя, г.зн. пазбаўленыя дома, зямлі і маёмасці, і высланы на поўнач. Ужо тады, падчас высылкі, найцяжкіх пераездаў, знаходжання ў паўночных лясах, часта пад адкрытым небам або ў спехам пабудаваных бараках, Людвігу было 79 гадоў. У 1931 г., калі дзяржава з-за высокай смяротнасці і неабходнасці карміць непрацаздольных старых, дазволіла ім вярнуцца, Качаноўскі з жонкай Марыяй вярнуліся ў Беларусь і жылі ў вёсцы Чаросава Лепельскага р-на аднаасобнай гаспадаркай (праўда, у анкеце пазначана: калгаснік, але наўрад ці ў 87 гадоў чалавек працаваў у калгасе).

Людвіг Качаноўскі быў арыштаваны 19 верасня 1937 года. Вядома, што арышт праводзіў памочнік начальніка Лепельскага ОКРО РКМ (акруговага аддзела рабоча-сялянскай міліцыі) НКВД малодшы лейтэнант міліцыі Валынец. Гісторыя, што бывае рэдка, данесла да нас і яшчэ некалькі прозвішчаў удзельнікаў расправы над старым: начальнік аддзялення ОКРО лейтэнант дзяржбяспекі Нечыперовіч. Хутчэй за ўсё, гэта прысутны ў базе дадзеных «Мемарыялу» «Кадравы склад органаў дзяржаўнай бяспекі СССР. 1935—1939)» Браніслаў Уладзіслававіч Нечыперовіч, які загадам НКВД СССР №184 ад 1936/03/23 атрымаў званне мал. лейтэнанта ГБ. Трэцім паставіў подпіс начальнік Лепельскага ОКРО старшы лейтэнант дзяржбяспекі Ермалаеў. Васіль Андрэевіч Ермалаеў пасля хуткага кар'ернага росту, выслугаванага ўменнем выбіваць любыя патрэбныя паказанні і даваць высокія паказчыкі раскрывальнасці, у 1939 годзе будзе арыштаваны, звольнены з працы і асуджаны Ваенным трыбуналам войск НКВД Беларускай акругі да расстрэлу… Праўда, Ваенная калегія Вярхоўнага суда замяніла найвышэйшую меру на 10 гадоў высылкі — каты часта праяўлялі падобную дабрыню ў адносінах да сваіх калег. 26 лістапада 1942 года на 2-і дзень аперацыі «Марс» пад Ржэвам у складзе 4-й штрафной роты 380-й стралковай дывізіі Ермалаеў адкупіць сваю віну крывёй — будзе забіты і пахаваны ў брацкай магіле.

10 гадоў атрымаў і Качаноўскі. Адзін — за здзек з людзей, катаванні і асуджэнне на смерць невінаватых, другі — нібыта за агітацыю супраць савецкай улады, ненавідзець якую сям'і Качаноўскага, як і мільёнам іншых сем'яў, было за што. На жаль, у справе не засталося ні паказанняў сведак, ні аператыўна-вышуковай інфармацыі, ні допытаў. Толькі кароткая вытрымка: «Абвінавачваецца ў тым, што выступаў у абарону ворага народа Троцкага, распаўсюджваў правакацыйныя чуткі пра вайну і гібелі сав. улады». Дадаткова ўказвалася, што Качаноўскі — «памагаты польскіх акупантаў». І гэта праз 16 гадоў пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы паміж СССР і Польшчай, якая падзяліла БССР напалову! Гэтага аказалася дастатковым, каб на пасяджэнні Асаблівай Тройкі НКУС БССР ад 20 кастрычнiка 1937 г. Качаноўскі Людвіг Францавіч, раней не судзімы, беспартыйны, непісьменны, быў асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў.

З аршанскай турмы Людвіг Францавіч будзе пераведзены ў ВПК-7 у Магілёве, дзе 25 красавіка 1938 года лячэбна-працоўнай камісіяй у складзе начальніка калоніі Петрусенкі, лекара Розэнцвейг і інспектара УРУ Свердліна зняволены Качаноўскі будзе прызнаны нягодным да фізічнай працы па прычыне старэчага маразму…

А ўжо 29 мая Петрусенка, Розэнцвейг і адказны дзяжурны Крыцкі склалі акт пра тое, што «ў гэты дзень Качаноўскі Людвіг Францавіч, які знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы ППК №7, памёр. Пакутаваў на старэчы маразм і грып. Смерць наступіла ад старэчага маразму».

Аднак выпадак Людвіга Качаноўскага не быў чымсьці выключным. У спісе з больш чым 59.000 рэпрэсаваных у БССР я налічыў каля 40 чалавек, якія нарадзіліся ў 1850 годзе і раней. Большасць з іх пацярпелі ў 1929—1930 гадах. Трэба адзначыць, што ў гэтым спісе няма тых, хто быў раскулачаны і рэпрэсаваны ў адміністрацыйным парадку і, падобна сям'і Качаноўскага, высланы на поўнач, а толькі тыя, хто быў асуджаны судовымі і несудовымі органамі па пэўных артыкулах, а пасля быў рэабілітаваны. Сярод гэтых людзей большасць была асуджана да высылкі, але, па меншай меры, шасцёра былі асуджаныя да найвышэйшай меры і расстраляныя. Так, 21 лістапада 1937 года ў полацкай турме быў расстраляны за антысавецкую агітацыю Мікалай Макараў (нар. у 1850 г., беларус, селянін, непісьменны), 1930/01/09 нібыта за сувязь з польскай выведкай і бандамі быў расстраляны Іван Статкевіч (нар. у 1848 г.). Былі сярод рэпрэсаваных і жанчыны: 1929/08/23 былі асуджаныя на тры гады высылкі ў паўночны край 80-гадовыя сялянкі Ганна Матусевіч і Лізавета Нічыпаровіч, а 1930/02/13 — таксама да высылкі за шпіянаж — іх аднагодка Адэля Славецкая.

Для артыкула я ўзяў найбольш абуральныя выпадкі, калі рэпрэсаваным было больш за 80 гадоў (нават у самых камфортных краінах адсотак гэтай узроставай катэгорыі не перавышае 5%). Калі ж знізіць узроставую планку на 10 гадоў, то толькі тых, хто нарадзіўся ў адным 1860 годзе (г.зн. тых, каму ў 1929—1939 было 69—79 гадоў), налічваецца 100 чалавек, у 1870 — ужо 440. Такім чынам, толькі па гэтым зусім няпоўным спісе можна сцвярджаць, што рэпрэсіі наўпрост закранулі тысячы сталых людзей. Казаць жа пра катастрофу сотняў тысяч людзей ва ўзросце, якія перажылі сваіх расстраляных дзяцей, наогул не даводзіцца…

30 ліпеня 1930 года былі асуджаныя да розных тэрмінаў Антон, Браніслаў, Вікенцій і Франц Людвігавічы Качаноўскія, з вялікай доляй імавернасці — сыны Людвіга Францавіча Качаноўскага. 29 верасня 1937 года за дзейнасць у складзе контррэвалюцыйнай арганізацыі Браніслаў быў расстраляны… Усе яны былі рэабілітаваныя, г.зн. прызнаныя невінаватымі. А вось пра самога Людвіга Францавіча Качаноўскага ні ў адным з вядомых спісаў няма звестак па рэабілітацыі. Зрэшты, як і пра сотні тысяч іншых бязвінна забітых і закатаваных.

На жаль, у справе няма фатаграфіі 87-гадовага хворага старога, аднаго з дзясяткаў тысяч, каго абрабавала, разбурыла сем'і, знішчыла сыноў і дачок, а потым здзекавалася і катавала слабых старых савецкая ўлада за адно толькі «злачынства»: нянавісць да гэтай улады — улады людаедаў.

6
Давыд Генадзька / Адказаць
29.05.2017 / 16:18
Прачытаў толькі назву артыкула. Дзед ня мог быць слабы на розум, калі займаўся антысавецкай агітацыяй.
0
Люстэрка / Адказаць
29.05.2017 / 16:29
Вялікі дзякуй, спадар Дрозд. З сухіх архіўных папераў вы робіце гісторыю жывой. Чытаючы ваш артыкул, кожны, хто мае ў сям'і рэпрэсаваных продкаў можа уявіць, што перажылі іх родзічы.
0
Alex / Адказаць
29.05.2017 / 16:32
Усё слушна, толькі адзінае што не факт, што Людвіг Качаноўскі быў сапраўдны паляк. Можа быць проста літвін-беларус каталіцкага веравызнання.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру