Яшчэ не так даўно, у пачатку мая, у Мінску зладзілі народны кастынг, у межах якога беларусы змагаліся за магчымасць ўдзельнічаць у будучай нацыянальнай страшылцы пра вурдалакаў. Не прайшоў і месяц, як пачаўся першы здымачны дзень, ці, калі дакладней, ноч, бо асноўны сюжэт стужкі завязаны на містыцы Купалля.

Галоўныя ролі дасталіся маладым беларускім актрысам Настассі Васілеўскай і Настассі Філіпавай. Акрамя гэтага, на здымкі запрасілі замежнікаў: японца Кента Сана і француза Піка Габрыэля. Так што ў фільме прагучаць не толькі беларуская і руская мовы, але і іншыя.

Тых, хто сочыць за творчасцю Вадзіма Галыгіна, чакае дадатковы сюрпрыз: шоўмэн паўстане перад гледачамі ў нязвыклым, некамедыйным амплуа.

«Завязка наступная: замежнікі прыязджаюць у Беларусь і разам з нашымі дзяўчатамі трапляюць у розныя сітуацыі, — распавёў рэжысёр карціны Макс Сіры. — Фільм у тым ліку пра ўспрыманне замежнікамі беларускага каларыту».

Разам з Максам кіраваць працэсам будзе Андрэй Грынько. Галоўным аператарам-пастаноўшчыкам выступае Аляксандр Алейнікаў.

Акрамя Андрэя Курэйчыка, прадзюсарамі фільма сталі Сяргей Якубоўскі і Віктар Лабковіч. Яны ўпэўненыя, што іх сумесны прадукт чакае поспех не толькі ў айчынных кінатэатрах, але і за мяжой. А паглядзець фільм можна будзе ўжо гэтай восенню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?