У часе сёньняшніх перамоў у Маскве прэм’ер‑міністры Расеі і Беларусі Ўладзімер Пуцін і Сяргей Сідорскі маюць намер дэталёва абмеркаваць пытаньні супрацоўніцтва ў нафтагазавай сфэры і ў галіне «мірнага атаму». Аб гэтым паведамляе РІА Новости са спасылкай на крыніцу ў расійскім урадзе.
«Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць павышэньню аддачы ад сумесных праграм, распрацоўцы новых інвэстыцыйных праектаў, пашырэньню транспартнага і энэргетычнага супрацоўніцтва, уключаючы ўзаемадзеяньне ў нафтагазавай сфэры і па «мірным атаме», — цытуе суразмоўцу агенцтва.
Апрача таго, паводле яго інфармацыі, прэм’еры плянуюць абмеркаваць «выкананьне дамоўленасьцей па паглыбленьні інтэграцыі, фарміраваньні адзінай мытнай прасторы, умацаваньні эканамічнага падмурка Саюзнай дзяржавы». Пуцін і Сідорскі таксама «прааналізуюць пэрспэктывы нарошчваньня гандлёва‑эканамічных сувязей, замацаваньня пазытыўных тэндэнцый росту ўзаемнага тавараабароту, што дасягнуў у студзені—маі 60%», пытаньні гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў, уніфікацыі мытных пошлін, правядзеньня адзінай зьнешнегандлёвай палітыкі ў адносінах да трэціх краін і паглыбленьня інтэграцыі ў валютна‑фінансавай галіне».
«У кантэксце праграмы акцыянавання дзяржпрадпрыемстваў, што рэалізуецца ўрадам Беларусі, мяркуецца разгледзець магчымасці падключэння да адпаведных конкурсаў расійскіх кампаній, зацікаўленых у пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі», — зазначыла ўрадавая крыніца.
БелаПАН