Біяметрычныя пашпарты беларусам пачнуць выдаваць з 1 студзеня 2019 года, паведаміў у эфіры інтэрнэт-тэлебачання «СБ» начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун.
Як патлумачыў Аляксей Бягун, у біяметрычным пашпарце будзе электронны чып з персанальнымі дадзенымі ўладальніка дакумента — фота, электронны лічбавы подпіс, адбіткі пальцаў.
Гэты пашпарт дазволіць беларусам хутчэй праходзіць кантроль на мяжы. Акрамя таго, біяметрычны дакумент неабходны для спрашчэння візавага рэжыму з краінамі Шэнгена — гэта адна з умоў ЕС.
Па біяметрычных пашпартах беларусы ў асноўным будуць выязджаць за мяжу. Унутраным дакументам, як у еўрапейцаў, будзе ID-карта.
— З 1 студзеня 2019 года мы ўвядзем і біяметрычныя пашпарты, і ID-карты, — паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.
Адразу мяняць пашпарты на новыя будзе не трэба, па словах Аляксей Бягуна, першы час будуць дзейнічаць абодва пашпарты — і звычайны, і біяметрычны.
Дарэчы, па прагнозах начальніка дэпартамента, перамовы з Еўрасаюзам аб зніжэнні кошту шэнгенскіх віз і спрашчэнні іх атрымання могуць быць завершаны ўжо ў гэтым годзе.