Капітан мінскага АМАПа страціў працу. Ды яшчэ з воўчым білетам. Як так выйшла?

Гэтую гісторыю «Нашай Ніве» паведаміў яго знаёмы, папрасіўшы не называць сапраўднае імя спецназаўца.

Кірыла — назавем яго так — служыў у мінскім АМАПе з 2011 года, быў камандзірам атрада і чакаў маёрскія пагоны. Ён разлічваў на перавод у Акадэмію МУС, дзе меўся выкладаць тактычную падрыхтоўку. 

Чаму тактычную? У яго выпадку работа супала з хобі — Кірыла мае сваю страйкбольную каманду, цікавіцца вайсковай тэмай і ўдзельнічае ў спаборніцтвах.

Менавіта для такога «пашырэння кампетэнцыі» Кірыла вырашыў схадзіць на трэніроўку патрыятычнага клуба «Ваяр», заснаванага лідарам «маладафронтаўцаў» Змітром Дашкевічам.

«Яму цікавыя хардбол, страйкбол, у прынцыпе актыўны адпачынак, — расказвае знаёмы Кірылы. — Убачыў УКантакце рэкламу, прыйшоў на трэніроўку, каб паглядзець, як і што ў іх арганізавана — што ўмеюць, які профіль. Ну а там звычайныя заняткі — тактыка, медыцына. Кірыл мо раз ці два туды схадзіў, ды ўсё. Бо далей ужо свае спаборніцтвы пачыналіся, трэба было рыхтавацца. У прынцыпе, хутка гэты момант жыцця забыўся. 

Трэніроўка «Ваяра».

Трэніроўка «Ваяра».

Пасля гэтага прайшло нейкалькі месяцаў — Кірыла ўжо падаў рапарт на перавод у Акадэмію МУС, прайшоў тэсты пра прафпрыдатнасць, правёў тэставыя заняткі. 

Заставаўся юрыдычны момант — падпісанне рапарта аб пераводзе.

«У адзін з дзён яго разам з кіраўніцтвам выклікаюць да высокага кадравіка ў ГУУС. Па якім пытанні? Падумалі, што не хочуць адпускаць у Акадэмію, бо ў ведамстве пераводы са скрыпам праходзяць. А там адразу канкрэтнае пытанне: у апазіцыйных рухах удзельнічаеце? Кірыл нават не зразумеў адразу, пра што гаворка, адказаў, што не ўдзельнічае. А яму фота ў твар, дзе ён на трэніроўцы «Ваяра». За ранейшыя заслугі дазволілі напісаць «па ўласным жаданні», але той адмовіўся звальняцца — сказаў, што законаў не парушаў, у забароненых акцыях не ўдзельнічаў, органы не кампраметаваў», — расказвае крыніца. 

Пасля гэтага, маўляў, пачалося. Першыя дні нам апісалі як «тыдзень маральных прыніжэнняў»: збіраліся незапланаваныя афіцэрскія сходы, кіраўніцтва выступала перад асабовым складам, дзе даводзілася, што Кірыла здрадзіў службе.

Пасля матэрыялы на капітана перадалі ва Упраўленне ўласнай бяспекі, але тыя, прааналізаваўшы сітуацыю, нібыта развялі рукамі і нават не знайшлі, за што даць дысцыплінарнае спагнанне.

«Пасля гэтага Кірылу сказалі «Працуйце далей». З такім намёкам, ведаеце… І цягам трох тыдняў ён атрымаў тры спагнанні. Дагэтуль за пяць гадоў, іх не было ўвогуле! А тут раз — пераследаваў злачынцу, на маршрут прыехала праверка, яго няма — спагнанне. І далей, далей: праносы вучэбныя, тэставыя сітуацыі. Груба кажучы, пракол Кірылы пры такіх праверках быў толькі справай часу. Урэшце штосьці там пранеслі праз яго — накшталт выбуховай прылады, і гэта было аформлена як неналежнае выкананне абавязкаў з наступным звальненнем».

Праўда, Кірыл на момант прыняцця рашэння аб звальненні быў на бальнічным. У адзін з дзён ён паехаў у канцылярыю заверыць рапарт на адпачынак. Пры складанні рапарта на адпачынак чалавека мусяць адпусціць не раней за першы дзень пазначанага месяца і не пазней за апошні — такая працэдура. Але такія рапарты не рэгіструюцца, таму даказаць, што ты іх пісаў, бывае праблематычна. 

«Ён прыехаў ва Уручча, яму кажуць — мы такое не рэгіструем, але, паміж намі, вы ўжо звольненыя. Пакіньце пасведчанне.

Кірыла адмовіўся, сказаўшы, што яго з такім загадам ніхто не азнаёміў, і ўвогуле — ён у адпачынку. А падчас адпачынку звальняць нельга. Ён вырашыў паехаць у ГУУС са сваім рапартам на адпачынак. У аўтобусе ўбачыў «таварышаў», зразумеў, да чаго ідзе. Тут і яны падыходзяць, маўляў, праедзем з намі. Куды? Да начальства. Кірыл дастаў пасведчанне, звярнуўся да людзей са словамі, што ён супрацоўнік міліцыі, а яго супраць яго жадання хочуць вывесці з аўтобуса. Папрасіў кантакты сведкаў, адна дзяўчына пагадзілася. Тыя ёй сказалі, што Кірыла не выканаў загаду, таму яны мусяць даставіць яго да кіраўніцтва. Яны разам выйшлі, тут пад'ехаў службовы мікрааўтобус, выходзяць яшчэ двое — на той момант калегі капітана, і разам «заносяць» яго, у працэсе ўдарыўшы аб раму галавой. Прывезлі туды, адкуль ён выйшаў нядаўна. Там пад камеру зачыталі загад. Заламаўшы рукі, забралі пасведчанне і асабісты нумар. Пасля яны яшчэ мусілі ехаць у размяшчэнне часці, каб ён здаў форму, але Кірылу ад удару галавой стала кепска, з падазрэннем на чэрапна-мазгавую траўму яго забрала хуткая. Праўда, усё абышлося», — расказала дэталі яго знаёмы.

Пасля Кірыла падаваў у суд на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў АМАП і парушэнне працоўнага заканадаўства, але ўсе суды прайграў — дзяўчына-сведка ўрэшце дала тлумачальную запіску, што ён сеў у машыну па сваёй згодзе.

Сам Кірыла не стаў пацвярджаць ці абвяргаць гэтую інфармацыю, сказаў толькі, што «ў курсе ўсе — ад радавога да міністра». 

Заснавальнік «Ваяра» Зміцер Дашкевіч сказаў «Нашай Ніве», што такога чалавека ён прыгадвае. 

«Так, быў. Ён і не хаваў, што служыць. У яго яшчэ чырвона-зялёны сцяг вісеў у машыне, а з яго нехта з нашых пахіхікаў, маўляў, што за недарэчнасць? Чапляй бела-чырвона-белы. Той сказаў, што ён тут не для палітыкі. Паглядзеў, як у нас што арганізавана, і больш не было яго. Памятаю, толькі, спытаў, які настрой у ягоных хлопцаў — калі сюды Пуцін прыйдзе, то яны за яго будуць, ці за Лукашэнку? Ну ён падумаў і сказаў, што большасць усё ж будзе за Пуціна. Цікава, ці гэта Лукашэнка разумее? А што звольнілі яго, вы кажаце… Прыкра», — сказаў Дашкевіч.

«Прыкра за чалавека, — сказаў нам і знаёмы звольненага з органаў унутраных спраў. — З нефармальных размоў з кіраўніцтвам было ясна, што звальняюць за «Ваяр», хаця нічога там палітычнага не было. Ці шкадуе ён? Хутчэй, не. Можа нават і рады, што сышоў, — падсумоўвае знаёмы. — Ведаю, што расчараваўся ў спецназаўскім братэрстсве. Ведаеце, калі былі галасаванні асабовага складу, маўляў, ці хочаце вы, каб гэты чалавек застаўся з намі, хтосьці падымаў руку, хтосьці не. А пасля яны падыходзілі і казалі: даруй, але нам кватэры будаваць яшчэ, крэдыты плаціць… Ну, у каго што. А што вы пяць гадоў з гэтым чалавекам з адной ссабойкі елі, груба кажучы, на гэта ўжо напляваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?