Сёння не знайсці адукаванага, з сярэднім узроўнем жыццёвага досведу чалавека, які не заўважаў бы амаль поўнай адсутнасці беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці людзей. А тыя, што і заўважаюць гэтую крайне ненармальную, небяспечную для беларускага народа з’яву, не маюць асаблівага жадання не толькі дапамагчы пераадолець яе, але нават грунтоўна паразважаць над завіталай да нас бядой. Не знаходжу ніякага апраўдання, што яшчэ і дасюль самая надзённая праблем — выратаванне беларускай мовы ад сходу ў нябыт — ні разу не з’яўлялася прадметам сур’ёзнага абмеркавання ў самых высокіх уладных структурах, не выключаючы і Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь. Яны ж штогод абмяркоўваюць процьму самых розных пытанняў, а вось да беларускай мовы — найвялікшай, нічым не заменнай святыні Бацькаўшчыны — не жадаюць прыступіць, хаця яна пільна заслугоўвае такога.

На беларускай зямлі больш за дваццаць гадоў функцыянуе прэзідэнцкая сістэма кіравання, а мы яшчэ не пачулі ад яе першай пяцёркі самых адказных дзяржаўных дзеячаў практычна аніводнай прамовы, выказанай родным словам! Вось і думай: свядома зневажаюць яго ці кагосьці баяцца, каб не палічылі за нацыяналіста?

У сапраўднага палітыка няма больш пачэснага, ганаровага абавязку, як са сваім дзяржаўным народам гаварыць на яго базавай роднай мове, а не на якой-небудзь іншай занесенай знадворку дый яшчэ беспадстаўна ўзведзенай у ранг другой дзяржаўнай мовы. Прыкладам можа служыць прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Дзеля падняцця прэстыжу, абароны рускай мовы ён зрабіў не менш за які-небудзь калектыў акадэмічнага інстытута, занятага яе даследаваннем. Ці ж гэта не ўзор для пераймання і нашым палітыкам, як трэба шанаваць родную мову, карыстацца ёю — і толькі ёю! — пры выкананні свайго службовага абавязку? Дапамагаць жа Пуціну ўмацоўваць пазіцыі рускай мовы ў афіцыйным жыцці нашага краю няма аніякай патрэбы, бо ў яе і без гэтага неабдымныя абсягі грамадскага ўжытку.

З горыччу мушу прызнаць, што доўгачаканае, цалкам заслужанае набыццё Беларуссю статусу суверэннай дзяржавы зусім не пайшло на карысць яе роднай мове. Маштабы выкарыстання апошняй у грамадска-палітычным жыцці, асабліва ў такіх важных нацыястваральных сферах, як адукацыя і культура істотна знізіліся ў параўнанні з тымі, што былі характэрны савецкаму часу, хаця па волі маскоўскага Крамля на ўсім абшары СССР, у т. л. і ў БССР, праводзілася як след не прадуманая, а таму і памылковая шкодная палітыка збліжэння і зліцця ўсіх яго нацый і народнасцяў. Агульнапрынята лічыць, што ад той нядобрай памяці палітыкі найбольш за ўсіх панёс этнакультурных страт беларускі народ. І тым не менш, тады яго родная, нацыянальная мова мела намнога больш прыстойныя пазіцыі ў грамадстве, чым сёння. Зразумела, галоўным чынам не так падлеглай русіфікацыі вёсцы, з беларускамоўнасцю якой мы сёння практычна ўжо канчаткова развіталіся. Трагедыя найвялікшая, нічым незаменная.

Як ні дзіўна, залішне алімпійскі спакой датычна нечувана небяспечнай моўнай сітуацыі ў РБ на працягу ўсяго часу яе існавання характэрны і таму акадэмічнаму навуковаму падраздзяленню, дзейнасць якога самым непасрэдным чынам звязана з даследаваннем разгляданай мной праблемы. Тут я маю на ўвазе Інстытут мовазнаўства Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. За час, як наша краіна, дзякуючы збегу спрыяльных абставін, стала суверэннай дзяржавай, гэты калектыў навукоўцаў — а ў ім раней і сёння дастаткова сапраўдных прафесіяналаў — не выдаў аніводнай саліднай манаграфічнай этналінгвістычнай працы, у якой былі б расстаўлены ўсе кропкі над «і», глыбока, усебакова раскрыты плюсы і мінусы моўнага рэферэндуму 1995 года для беларускай мовы — мовы не толькі дзяржаўнага, але і адзінага тытульнага народа Рэспублікі Беларусь. З усім гэтым можна было б мірыцца, калі б з сацыяльнай запатрабаванасцю беларускай мовы не мелася аніякіх праблем. Такога на практыцы мы ні на ёту не заўважаем. Сёння становішча беларускай мовы непараўнальна горшае, чым за ўвесь перыяд савецкай гісторыі, асабліва ў апошнія гады гарбачоўскай перабудовы. Каб не яна, ніхто б не дазволіў нацыянальна-патрыятычным сілам нашай рэспублікі ў чэрвені 1989 года стварыць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Да Міхаіла Гарбачова не адважваліся ўзнімаць любую гаворку датычна безнадзейнага лёсу беларускай мовы. А тут з дазволу самых высокіх партыйных і савецкіх органаў афіцыйна, пры нечувана актыўным удзеле перадавых сіл засноўваецца адмысловая арганізацыя рэспубліканскага маштабу па яе абароне. Міне трохі больш за паўгода і гэтыя ж органы прымуць сапраўдны закон дваццатага стагоддзя — Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», у адпаведнасці з якім ва ўнісон з перадавой сусветнай практыкай у Беларусі, як рэспубліцы з адным тытульным народам, яе нацыянальнай мове нададуць статус адзінай дзяржаўнай. Згаданым Законам з парадку дня знімалася стагоддзямі навіслае над беларускім народам трывожнае пытанне: «Жыць ці памерці яго роднай мове?» Закон прадракаў: «Жыць!», што вынікала са зместу яго адпаведных артыкулаў. Гарантавала жыццё беларускай мове і ўся канкрэтная дзейнасць партыйных і савецкіх органаў. Як і ў гады міжваеннай беларусізацыі, яна мела нацыястваральны характар. У гэтых органах поўным ходам ішла падрыхтоўка да пераводу службовага справаводства на беларускую мову, што ў абавязковым парадку выклікала пільную неабходнасць паступаць такім чынам усе сферы грамадскага жыцця і галоўнае — вышэйшую і сярэднюю спецыяльную школу — галоўную крыніцу падрыхтоўкі новых пакаленняў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. На беларусізацыю афіцыйнага жыцця ў партыі, дзяржавы хапала фінансавага, кадравага, ідэалагічнага рэсурсу, і ён пачаў пакрысе выкарыстоўвацца. Ніколі не быў членам КПСС, але шкадую, што яе дзейнасць прыпынілі якраз у час, калі яна пачала актыўна падключацца да беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, бо ніхто тады не мог даць яму столькі карысці, як ЦК КПБ.

Бясспрэчны той факт, што ў студзені 1990 года Беларусь не магла б прыняць такога прагрэсіўнага, перспектыўнага для яе тытульнай нацыі Закона аб мовах, калі б падобнага роду нарматыўныя акты ўжо не сталі рэальнасцю ва ўсіх іншых саюзных рэспубліках Савецкага Саюза. Без іх пазітыўнага ўплыву распрацоўшчыкі Закона «Аб мовах у Беларускай ССР» наўрад ці адважыліся б унесці ў яго прагрэсіўны ва ўсіх дачыненнях артыкул аб наданні беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы, бо ў такога разумнага падыходу мелася шмат апанентаў, прычым даволі высокага рангу палітыкаў. Зацвердзіць жа беларусам у сваім Законе яшчэ і дзяржаўнасць рускай мовы, азначала б быць белай варонай на ўсім савецкім абшары. На такі памылковы, архірызыкоўны крок не адважыліся, але толькі да пэўнага часу: пакуль да ўлады не дарваліся абруселыя палітыкі. Я ніколькі не быў прыхільнікам такіх вялізных поліэтнічных дзяржаў, як СССР, бо меў цвёрдае перакананне: на справе ўсе яны без вынятку з’яўляюцца крайне небяспечнымі асіміляцыйнымі плавільнымі катламі. У іх ненажэрнае горла не трапляюць толькі тытульныя дзяржаўныя нацыі. Калі ў сакавіку 1991 года ў СССР праводзіўся рэферэндум з мэтай даведацца, як глядзіць народ на далейшы лёс гэтай моцна хворай аграмадзіны, я выступіў у перыядычным друку з артыкулам пад загалоўкам «Чаму я сказаў «не!» Саюзу?», бо лічыў, што па яго віне адбылося руйнаванне нацыянальных асноў культурна-моўнага жыцця беларусаў. Затое, як яно зарунела, пачало набываць самабытнасць пасля распаду СССР! Здавалася, нарэшце прыйшоў доўгачаканы канец любым спробам навязаць беларусам праз дзяржаўную палітыку русіфікацыі чужыя культурна-моўныя стандарты. На вялікую бяду, такога не атрымалася, бо ў ліпені 1994 года прыйшлі да ўлады прыхільнікі гэтых стандартаў, і рухавік гісторыі пачаў даваць задні ход. Прэзідэнцкая сістэма ўлады хутка вярнула краіну ў рэчышча яшчэ не забытай чынавенствам савецкай нацыянальна-культурнай палітыкі з той толькі розніцай, што беларускай мове юрыдычна забяспечваўся статус адзінай дзяржаўнай. На справе ж гэтым так жаданым беларусамі прэстыжным статусам амаль на ўсе сто працэнтаў карысталася толькі руская мова. Каб ліквідаваць такую нестыкоўку паміж тэорыяй і практыкай, прамаскоўскай пазіцыі ўлады, абапіраючыся на вынікі майскага 1995 года рэферэндуму, статус дзяржаўнай узаконілі і за рускай мовай. Маючы надзейныя тылы ў асобе моцна зрусіфікаванага ва ўсіх сферах грамадскага жыцця чынавенства, яна вельмі хутка выцесніла адусюль беспасажніцу беларускую мову на яе гістарычнай радзіме.

Такой забойчай для тытульнага народа любой аднанацыянальнай краіны моўнай палітыкі ўслед за Рэспублікай Беларусь не ўвяла ніводная з утвораных на постсавецкай прасторы дзяржаў. У іх працягвалі функцыянаваць прынятыя ў апошнія гады існавання СССР справядлівыя, цалкам адпаведныя сусветнай практыцы законы аб мовах: у краіне з адной тытульнай нацыяй статусам дзяржаўнай надзяляецца толькі яе мова. Не раз думалася, каб не разваліўся СССР, Рэспубліка Беларусь не пайшла б на ўвядзенне афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя, бо гэта не стыкавалася б з усталяванай ва ўсіх саюзных рэспубліках моўнай практыкай. Зараз не будучы залежнай ад іх ці ад якога-небудзь наддзяржаўнага цэнтра, улады Рэспублікі Беларусь, знізу даверху спаўна ўкамплектаваныя абруселымі, адарванымі ад нацыянальнай глебы чыноўнікамі, без асаблівых цяжкасцяў вытурылі беларускую мову на абочыну афіцыйнага жыцця, у выніку чаго яна стала малааўтарытэтнай у грамадстве, амаль зусім нячутай і сярод сваіх прыродных носьбітаў. Адбылося амаль поўнае беларускамоўнае аняменне як на афіцыйным, так і на прыватным узроўнях. На здзіў, гэтым смяротным для беларускай мовы шляхам не пайшла разам з сапраўднымі нацыянальнымі патрыётамі толькі адна з самых шматлікіх у нас хрысціянскіх канфесій — каталіцкая. Праваслаўная царква застаецца вернаю рускаму духу.

У высокіх эшалонах улады ў поўнай меры разумеюць усе сур’ёзныя заганы, хібы сваёй моўнай палітыкі, але публічна прызнаць іх не жадаюць. Яны пускаюць разлічаныя на прастакоў плёткі, што для беларусаў, маўляў, роднай мовай з’яўляецца і руская, што ў яе стварэнне яны ўнеслі вялізны ўклад, што без іх мо і ўвогуле яна не з’явілася б на свет. Тут ужо адчуваецца нават нейкая знявага і да саміх рускіх, нібыта не здольных стварыць для сябе ўласную мову.

Дарэчы, беларусы некалі мелі не менш цесныя моўныя кантакты і з заходняй суседкай. Аднак ні яны самі ці хтосьці іншы не пускаў плётак, што іх родная мова — польская мова. Сучасныя ж палітыкі РБ, каб змыць сваю віну за амаль поўную адсутнасць беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, ідуць на любую фальсіфікацыю. Праўда, апошнім часам адчуваецца нейкая заклапочанасць уладных структур катастрафічным станам беларускай мовы, але дзейсныя практычныя захады па развязванні гэтай пераспелай архіскладанай праблемы на дзяржаўным узроўні не робяцца. Калі ж дзяржава па-сур’ёзнаму, а не на словах задумае ратаваць ад пагібелі беларускую мову, трэба пачынаць з паступовага планавага ўвядзення яе ў сваю практычную дзейнасць. Калі такое будзе заўважаным у сферы палітычнага жыцця, на гэта адразу ж прарэагуюць адміністрацыйна-гаспадарчыя органы і падначаленыя ім прадпрыемствы і арганізацыі, установы адукацыі, навукі, культуры, усё грамадства ўвогуле. Балазе, у нас ёсць багатая ў гэтым практыка, набытая ў гады міжваеннай беларусізацыі.

Паколькі майскім рэферэндумам беларускую мову ў заняпад прывяла дзяржава, таму ад яе павінна і сыходзіць ініцыятыва па выратаванні неацэннай святыні нашай Бацькаўшчыны.

Лішнім было б тлумачыць, наколькі складана ў сучаснай экстрэмальнай сітуацыі забяспечыць паўнавартаснае жыццё беларускай мове. Праблема ледзь не параўнальная з ліквідацыяй цяжкіх наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Аднак, гэта не прычына, каб дзяржава бяздзейнічала, нічога не рабіла, як гэта было характэрна для яе ў апошнія два дзесяцігоддзі.

Агульнавядома, каб сёння беларуская мова не на словах, а на справе стала дзяржаўнай, яе трэба поўнамаштабна ўвесці ў палітычнае, эканамічнае і вайсковае жыццё, адукацыю, навуку, культуру, а таксама ў розныя сферы неафіцыйнай грамадскай дзейнасці людзей. Не сакрэт, што такое рэальна толькі праз самае істотнае абмежаванне сацыяльных функцый рускай мовы, якую ўжо з першых дзён усталявання прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай яе ўлады, як след не падумаўшы, зрабілі фактычна адзінай дзяржаўнай і пачалі планамерна выводзіць беларускую мову адусюль, куды яе змаглі ўкараніць дагэтуль. Не сакрэт, што пайсці на абмежаванне маштабаў выкарыстання рускай мовы ў афіцыйным жыцці ніхто з нашых палітыкаў нават і пры вялікім жаданні не адважыцца, ведаючы, як за яе лёсам у іншых краінах пільна сочаць Маскоўскі Крэмль і яго гаспадар Уладзімір Пуцін. Таму на прыняцце супярэчлівых іх інтарэсам захадаў па вырашэнні моўнай праблемы не хопіць смеласці ў палітычнага кіраўніцтва РБ, прычым нават і тады, калі яно цвёрда ўсвядоміць сабе, што моўная залежнасць ад усходняга суседа да нуля зводзіць яе дзяржаўны суверэнітэт. Вось у што, цалкам заканамерна, вылілася недасведчанасць у моўным пытанні тых, хто прыйшоў да ўлады ўлетку 1994 года, хто ў маі 1995 года рукамі збітага з панталыку народа сацыяльна зраўнаваў рускую мову з беларускай!

Зараз яе не выратаваць без згоды Масквы, таму, відаць, прасіць вярнуць яе на законны дзяржаўны пасад трэба не так прэзідэнта А. Лукашэнку, як палітычнае кіраўніцтва Расіі. Надзеяў жа на яго згоду вельмі мала, паколькі яно так моцна зацікаўлена ў тэрытарыяльным аднаўленні колішняй савецкай імперыі — СССР.

Утварылася нешта падобнае на бязвыхадны тупік! Адно, што хоць крыху суцяшае, ведаем, хто пакінуў паслухмяны, ціхмяны беларускі народ без роднай мовы: дарэшты зруселыя, сарыентаваныя на Маскву палітыкі супольна са шчыра адданымі ім здэнацыяналізаванымі ідэолагамі.

Не ведаю, як іншыя, я ж мяркую, што сучасныя ўлады не пажадаюць, не адважацца прызнаць, якая незаслужаная ласка была зроблена рускай мове майскім (1995) і лістападаўскім (1996) рэферэндумамі і не прызнаўшы, нават не падумаюць штосьці канкрэтнае прапаноўваць па выпраўленні выродлівай моўнай сітуацыі. Яны выдатна разумеюць, што адзіным законным гаспадаром рускай мовы, у тым ліку і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Расія і што без згоды апошняй беларусам недапушчальна нават і сімвалічна замахнуцца на гэтую так дарагую ёй святыню, хаця і чужой яна з’яўляецца для нашай гарапашнай зямлі.

Прапанаваць штосьці слушнае, канструктыўнае па выпраўленні нашага каланіяльнага моўнага становішча даволі складана. Адно мне ясна. Самі органы ўлады і кіравання павінны пачаць карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай, каб вярнуцца ў адпаведнасць з асноўным законам краіны. Лічыць жа беларускую мову дзяржаўнай толькі за тое, што яна калі-нікалі гучыць па радыё і тэлебачанні (пераважна дзякуючы выкарыстанню яе самімі журналістамі), у запісах у салонах гарадскога транспарту, на некаторых аўтазапраўках — гэта ёсць у найвышэйшай ступені прафанацыя. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?