Былы амэрыканскі дарадца па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжазінскі заклікаў ізаляваць Расею ад сусветнай супольнасці ў знак пратэсту супраць ейнай кампаніі на Каўказе і параўноўвае ейную тактыку з палітыкай Гітлера або Сталіна.

Бжазінскі, які быў дараднікам па нацыянальнай бяспецы пры прэзідэнце Джымі Картэры з 1977 па 1981 год, а цяпер стаў дараднікам Барака Абамы, кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі, заявіў, што прэм'ер-міністр Расеі Ўладзімір Пуцін «праводзіць курс, які да жаху нагадвае палітыку Сталіна або Гітлера ў 1930-я гады», піша брытанская «The Guardian».

Ён заявіў, што апраўданне Пуціным вайсковых дзеянняў у Грузіі – у абарону расейскіх грамадзянаў, якія жывуць у Асеціі, – можна параўнаць з выкарыстоўваннем Гітлерам меркаванага прыгнёту этнічных немцаў у Судзецкой вобласці ў якасці падставы для анэксіі Чэхаславакіі ў 1938 годзе.

У інтэрв'ю кансерватыўнаму нямецкаму штодзённаму выданню «Die Welt» ён звярнуў увагу на пралеліі паміж стратэгіяй Пуціна ў дачыненні да Грузіі і ўварваннем Сталіна ў Фінляндыю ў 1939 годзе. Ён апісаў і тое, і іншае як парушэнне суверэнітэту невялікай суседняй дэмакратычнай дзяржавы гвалтоўным шляхам.

Бжазінскі заявіў, што цяпер свет стаіць перад пытаннем, як рэагаваць на дзеянні Расеі і на ейныя спробы, па ягоным словам, «вярнуць былыя савецкія тэрыторыі пад кантроль Крамля». Ён дадаў, што ў аснове гэтай праблемы ляжыць доступ да нафты, і асабліва пытанне, хто будзе кантраляваць нафтаправод Баку-Тбілісі-Джэйхан, які праходзіць праз Грузію.

«Калі Грузія пазбавіцца свайго суверэнітэту, гэта азначае ня толькі тое, што Захад апынецца адрэзаным ад Каспійскага мора і Цэнтральнай Азіі. Мы таксама можам выказаць здагадку, што Пуцін ужые тую сама стратэгію да Ўкраіны, калі сустрэне супраціў. Ён ужо публічна агучыў пагрозы ў адрас Украіны».

«Калі Расея будзе і надалей ісці гэтым шляхам, яе трэба будзе ізаляваць ад міжнароднай супольнасці», – заявіў ён.

Ён дадаў, што ўварванне Расеі ў Грузію стала доказам таго, што за восем год кіравання Джорджа Буша Белы дом не змог разабрацца, што ў рэчаіснасці ўяўляе сабой «рэжым Пуціна».

«Два эпізоды ілюструюць гэта лепей за ўсё, – заявіў ён. – Першы, калі Буш упершыню сустрэўся з Пуціным і сказаў, што зазірнуў у ягоную душу і вырашыў, што яму можна давяраць. Другі, калі Кондзі Райс не так даўно адзначыла, што амэрыканска-расейскія стасункі ніколі не былі гэтак добрымі, як цяпер». Ён дадаў, што Белы дом падмануўся.

На пытанне, чаму ён кажа толькі аб Пуціне, а не аб расейскім прэзідэнце Дзміцеры Мядзведзеве, Бжэзіньскі адказаў: «Ён (Мядзведзеў) мае гэтулькі ж ўплыву на сённяшнюю сытуацыю, як старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Савецкага Саюзу ў 1950-я гады ўплываў на СССР. Ніхто нават не ўзгадае ягонага імя".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?