Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Рыбак звярнуўся да віцэ-прэм’ера Васіля Жарко, які курыруе сацыяльныя пытанні, з нечаканай просьбай: зрабіце прыбіральні на вакзалах бясплатнымі.

Васіль Жарко.

Маўляў, наша краіна развівае турызм, а тут такая перашкода. Звярталіся да кіраўніцтва Беларускай чыгункі, але адказ быў, што зрабіць гэта немэтазгодна. «Рашэнне гэтага пытання магло б павысіць турыстычную прывабнасць нашай краіны», - адзначыў дэпутат Рыбак.

«Я вас падтрымліваю. Гэта не дарагое пытанне. Не ўсе ведаюць, куды бегчы, дзе грошы плаціць, такая паслуга павінна быць бясплатнай», — адказаў Жарко.

Дэпутатка Вольга Палітыка прапанавала больш рашуча змагацца з п’янствам, бо ў апошнім рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя наша краіна зноў была адной з першых па ўзроўні спажывання алкаголю.

«Не буду я даваць ацэнку СААЗ. У нас ідзе змяншэнне выкарыстання алкаголя на душу насельніцтва — з 14 літраў да 8. Калі быў міністрам, то пісаў у СААЗ, што няправільна нас параўноўваць з краінамі, дзе віно ліецца ракой, а яны ніжэй за нас. Міністэрства аховы здароўя неаднаразова выступала з ініцыятывай больш строгай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі. Нам трэба сабрацца разам і абмеркаваць», — адказаў Жарко.

Ганна Канапацкая з Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў сваю чаргу пацікавілася, ці будуць выплачвацца кампенсацыі тым людзям, якія страцілі ўклады ў савецкі час. Асабліва пенсіянерам. «Пакуль гэта немагчыма», — адказалі Канапацкай.

У Жарко таксама пыталіся пра сітуацыю ў Курапатах. Віцэ-прэм’ер на гэта адзначыў, што ідзе праца над эскізам помніка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?