У Сінгапуры бацькам нованароджаных хлопчыкаў разам з пасведчаннем аб нараджэнні з гэтага часу ўручаецца і позва ў войска, паведамляюць інфармагенцтвы.

Падобная ініцыятыва рэалізуецца Міністэрствам абароны Сінгапура і распаўсюджваецца толькі на грамадзян краіны.

«Мы хочам даць загадзя бацькам дзяцей мужчынскага полу усю неабходную інфармацыю аб абавязковым праходжанні вайсковай службы», — заявіў афіцыйны прадстаўнік мінабароны.

Як растлумачылі ў ведамстве, наступны напамін аб неабходнасці служыць у войску прыйдзе ўжо ў 13-гадовым узросце будучых прызыўнікоў. І з гэтага моманту бацькі, калі захочуць вывезці свайго сына за мяжу на тэрмін ад 3 месяцаў і больш, у тым ліку і на вучобу, павінны будуць атрымаць адпаведны дазвол уладаў.

Калі юнаку спаўняецца 16,5 гадоў, яго зарэгіструюць у сістэме воінскага ўліку. Хлопчыкі павінны будуць прайсці медкамісію і пры дасягненні 18-гадовага ўзросту папоўніць шэрагі ўзброеных сіл Сінгапура.

Воінская павіннасць для мужчын у Сінгапуры з'яўляецца абавязковай. Адслужыць у войску таксама павінны і замежнікі, якія атрымалі від на жыхарства ў другім пакаленні. Тэрмін службы доўжыцца ад 22 да 24 месяцаў, і за гэты час прадастаўляецца адпачынак працягласцю не больш за 14 сутак. Згодна з законам краіны, навабранец можа выбраць месца службы: узброеныя сілы, паліцыю або сілы самаабароны (пажарныя часткі).

Пасля заканчэння службы ў арміі мужчына становіцца рэзервістам і да 40 гадоў у абавязковым парадку кожны год праходзіць 2-тыднёвыя ваенныя зборы. Адтэрміноўкі ад прызыву прадстаўляюцца ў выключным выпадку на некалькі месяцаў. Паводле афіцыйных даных, толькі 10 чалавек за апошняе дзесяцігоддзе атрымалі падобную палёгку. Сярод іх плывец Джозэф Скулінг, які быў вызвалены на тры гады для падрыхтоўкі да Алімпіяды-2016 і апраўдаў давер, выйграўшы залаты медаль.