Патрабаванні «Газпрома» да НАК «Нафтагаз Украіны» па ўмове «бяры або плаці» поўнасцю адменены. Пра гэта паведамілі ва ўрадзе Украіны. Таксама суд задаволіў патрабаванне НАК «Нафтагаз Украіны» аб пераглядзе цэны ў кантракце на пастаўку газу з «Газпромам» з улікам рынкавых умоў.
НАК «Нафтагаз Украіны» атрымаў папярэдняе рашэнне Стакгольмскага арбітража, канчатковае рашэнне мае быць прынятае ў чэрвені.
Сустрэчныя пазовы «Нафтагаза» і «Газпрома» па кантракце на пастаўку газу былі пададзеныя ў арбітраж у чэрвені 2014 года, вусныя слуханні былі завершаны ў кастрычніку 2016 года.
«Газпром» патрабаваў з «Нафтагаза» 45 млрд даляраў, «Нафтагаз», у сваю чаргу, — 18 млрд даляраў.
«Газпром» хацеў, каб Украіна сплаціла грошы за парушэнне схемы «бяры або плаці», «Нафтагаз» быў нязгодны з выстаўленымі цэнамі і патрабаваў вяртання пераплаты. Якое рашэнне па сумах сплаты прыняў арбітраж, пакуль няясна, але ў цэлым ён палічыў абгрунтаванымі прэтэнзіі Украіны.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэм'ер краіны Уладзімір Гройсман выказалі задаволенасць рашэннем арбітражу.