Станцыя, што аддае перавагу беларускай музыцы, дасягнула ў сталіцы рэйтынгу 12 % аўдыторыі.

Калі хто ня ведае: «Аўтарадыё» можна слухаць у Менску і Менскай вобласьці на хвалях 67,7 і 105,1. Гэта адзіная FM‑станцыя, дзе вы не пачуеце бясконцых пераліваньняў з пустога ў парожняе проста таму, што дыджэеў тут няма як такіх. Гэта прынцыповая пазыцыя радыёстанцыі. Толькі музыка і аўтарскія тэматычныя программы.

Прычым музыка, якая рэалізуе яшчэ адзін прынцып: яна павінна быць жывой. Ладная частка гэтай жывой музыкі — плён творчасьці найлепшых беларускіх музыкаў: тут можна пачуць і «Краму», і «Палац», і Вайцюшкевіча, і Вольскага, і шмат каго яшчэ.

З гендырэктарам «Аўтарадыё» Юр’ем Базаном і праграмным дырэктарам Ірынай Львовай — стомленымі пры канцы працоўнага дня, але надзіва вясёлымі — гутарыць Наталка Бабіна.

Для каго гучыць «Аўтарадыё»?

Наталка Бабіна: Як узьнікла ідэя фармату, у якім працуе «Аўтарадыё»?

ЮБ: Калі радыё будуецца па праграмным, дыджэйскім прынцыпе, то часта дыджэй настолькі выматваецца, што пачынае несьці нейкую акалесіцу, папросту каб запоўніць эфір. Ведаючы ФМ‑эфір — беларускі, расейскі, эўрапейскі — мы прыйшлі да высновы, што трэба рабіць або вузкастылёвую станцыю, або паспрабаваць нейкім чынам зьвязваць розныя жанры. Калі вузкастылёвую, то якую? Першае, што прыходзіць на розум — папсовую. Але папса настолькі замыленая, што чалавеку з мала‑мальскім розумам папросту нецікавая. Зьвязаць у розных праграмах розныя жанры вельмі складана — трэба мець калясальны вопыт і інтуіцыю. Таму мы вырашылі пабудаваць фармат на прынцыпе музычных блёкаў.

Ёсьць мэдычны тэрмін — час утрыманьня ўвагі. Чалавек можа быць зацікаўленым пэўнай тэмай на працягу нейкага часу, потым увага расьсейваецца, і тэму трэба мяняць. Час утрыманьня ўвагі сучаснага чалавека — 20 хвілін. Вось зыходзячы з гэтага мы і вынайшлі свой фармат: 20 хвілін. У нас блёчная канструкцыя эфіру: кожныя 20 хвілін мяняецца жанр або праграма. Урэшце, калі вам гэта не падабаецца, то праз 20 хвілін будзе новая праграма.

З самага пачатку мы арыентаваліся на беларускіх выканаўцаў, то бок выканаўцаў, якія не капіруюць расейскую папсу, а нейкім чынам разьвіваюць менавіта нашу культуру.

 Ірына Львова

Ірына Львова

Ірына Львова: Была патрэба ў тым, каб стварыць станцыю для аўтааматараў, а таксама іншых людзей, якім музыка дапамагала б працаваць і адпачываць. Лічылася, што для радыйнага эфіра падыходзіць толькі папулярная музыка. Я б не называла яе папсовай, бо ў гэтым слове крыецца нейкае нэгатыўнае адценьне. Але вось аматарам іншых жанраў беларускі радыёэфір чамусьці нічога не прапаноўваў. Вось мы і занялі гэтую нішу. Мы працуем для людзей з добрым густам, для тых, хто цэніць музыку. Ва ўсім сьвеце лічыцца, што рок‑музыку слухае 7% слухачоў. Мы маем рэйтынг 12%, і гэта вельмі добры паказчык.

НБ: А хто ваш слухач?

ІЛ: Па выніках сацыялягічных апытаньняў, наш сярэднестатыстычны слухач — мужчына, старэйшы за 25 год, з вышэйшай адукацыяй і досыць высокім культурным узроўнем.

Таму ў нас і няма ні навін, ні дыджэяў, якія забаўляюць публіку. Наш слухач дастаткова адукаваны для таго, каб знайсьці патрэбную яму інфармацыю самастойна. Мы хочам проста даць магчымасьць яму паслухаць музыку: рок, блюз, флямэнка, аргентынскае танга — ды што заўгодна. Даць альтэрнатыву таму, што гучыць на іншых станцыях.

НБ: Як вы адчуваеце сябе сярод канкурэнтаў?

ЮБ: Нармальна адчуваем (сьмяецца). Па некаторых паказчыках мы ў першай пяцёрцы радыёстанцый.

НБ: Ці плянуеце нейкім чынам адбіваць у іх слухачоў ды пашыраць сваю слухацкую аўдыторыю?

ЮБ: Пра пашырэньне аўдыторыі гаварыць складана. Заўсёды ў грамадзтве ёсьць катэгорыя людзей — я ні ў якім разе не хачу нікога пакрыўдзіць — але ў кожным грамадзтве ёсьць катэгорыя людзей зь невысокім, ніжэй сярэдняга ўзроўнем інтэлекту. Вось ім патрэбны каналы з папсой. Іх многа, каля 30% насельніцтва.

НБ: Вас гэта не палохае?

ЮБ: Гэта нармальна, гэта ўсюды так, ня толькі ў нас. Дай ім папсу, атрымаеш адразу высокі рэйтынг. Гэта і выкарыстоўваюць некаторыя радыёстанцыі, якія маюць высокі рэйтынг, але насамрэч уся іх аўдыторыя — гэта менавіта людзі з гэтай катэгорыі, і нічога, акрамя папсы, ім непатрэбна.

НБ: Чаму ж так адбываецца? У час нашых бабуль і дзядуль іх «папсой» было тое, што мы зараз ведаем як народныя песьні, а зараз, выходзіць, людзі атупелі?aquo; было тое, што мы зараз ведаем як народныя песьні, а зараз, выходзіць, людзі атупелі?

ЮБ: Вы ня маеце рацыі, народныя песьні — гэта ніякая не папса і ніколі не былі ёю. Тыя старыя песьні гучаць і зараз. Папса — гэта вынаходніцтва сучаснага сьвету, магчыма, вынаходніцтва нейкіх псыхатэхналёгій. Тут выкарыстоўваюцца пэўныя рытмы, гэтыя «бумц‑бумц», якія сапраўды пэўным чынам атупляюць. Але няправільна сказаць, што менавіта папса атупляе народ. Атупляе яго ўсё ж нешта іншае (сьмяецца). Бываюць жа і нармальныя добрыя папсовыя песьні. Уся Пугачова — гэта папса.

Але я хачу сказаць, што на той тэрыторыі, дзе мы вяшчаем — а гэта Менск і Менская вобласьць — мы сваю аўдыторыю атрымалі. Павелічэньне аўдыторыі магчыма за кошт пашырэньня вяшчаньня на іншыя рэгіёны Беларусі, што мы маем у плянах.

Калі мы павысім колькасьць папсы, для таго каб завалодаць аўдыторыяй з нізкім музычным густам, то згубім нашу сёньняшнюю аўдыторыю. А нашай сёньняшняй аўдыторыі ня трэба балбатня. Яны хочуць чуць добрую, грутоўна падабраную музыку.

НБ: Каго вы раціруеце?

ІЛ: Мы — мультыфарматная станцыя. Мы раціруем самыя розныя жанры. Аддаём перавагу жывой музыцы. Ставім у эфір якасны прадукт.

НБ: А як вы вырашаеце, якасны гэта прадукт ці не?

ІЛІЛ: Музычная кампазыцыя павінна быць запісанай і зьведзенай прафэсіянальна. І гэта, бадай, усё. Наш прынцып — ня мець фаварытаў. Мы хочам, каб у эфіры было ўсё, што цікава слухачу.

ЮБ: Прыносяць шмат музыкі, але асноўная маса — зноў‑такі тая папса. Тыя, хто робіць нешта лепшае, ня могуць прадукаваць столькі ўсяго, каб мы маглі запоўніць эфір. Таму папса прасочваецца. Магчыма, паслухаўшы сябе ў эфіры, яны зробяць нешта лепшае (сьмяецца).

НБ: Патрабаваньне пра гучаньне ў эфіры 75 % беларускіх выканаўцаў прыносіць больш шкоды ці карысьці?

ЮБ: Я не магу сказаць, наколькі гэты патрабаваньне выконваецца іншымі радыёстанцыямі. Бывае, што слухаеш‑слухаеш — і нічога беларускага не пачуеш. Хіба што лічыць, што бабуля ў таго ці іншага выканаўцы была зь Беларусі… Але карысьць яно прынесла, хаця б таму, што прымусіла варушыцца нашых выканаўцаў. Але ў нас і да гэтага было 50—60 % беларускай музыкі.

НБ: Чаму?

ЮБ: Што за пытаньне? Жывём мы тут! Не у Германіі, не ў Расеі — тут. У нас свая культура.

НБ: Тады чаму, па вашаму, многія іншыя станцыі нават у рамках патрабаваньня 75 працэнтаў беларускай музыкі находзяць бабуль‑беларусак у якой‑небудзь Лады Дэнс, але слова беларускага ў іх эфіры не пачуеш?

ІЛ: Складана сказаць. Беларускамоўныя калектывы ў нас у асноўным рокавыя. На іншых станцыях року проста не ставяць. Беларуская мова — мова інтэлігентаў, а гэтыя станцыі арыентуюцца на іншую аўдыторыю.

ЮБ: Я так разумею, што калі ў гэтых станцый ёсьць нейкія заснавальніцкія ці фінансавыя расейскія крыніцы, то ім беларуская музыка ўвогуле непатрэбна. Гэта палітыка станцый. На расейскіх станцыях беларускай музыкі не пачуеш. І яшчэ, магчыма, гэта тлумачыцца тым, што на раскручаных расейскіх выканаўцаў зарабляюць грошы. Мы на сваіх выканаўцах грошы не зарабляем (сьмяецца).

НБ: А чым вы зарабляеце?

ЮБ: Крыніца адна — рэкляма.

НБ: Рэклямадаўцаў многа?

ЮБ: Мы іх шукаем у горадзе, у полі, у лесе, з лупай, ліхтарыкам — дзе толькі можна. У нас сфармаваўся рынак рэклямы, але пакуль у нас няма разуменьня ў рэклямных агенцтваў і саміх рэклямадаўцаў, што розныя радыёстанцыі — гэта розны слухач, з рознымі патрэбамі. Многія настроены так: у якой радыёстанцыі рэйтынг больш — туды і піхай, не асабліва задумваючыся пра тое, з каго складаецца слухацкая аўдыторыя. Але патроху сытуацыя мяняецца. Ёсьць у нас і пастаянныя кліенты, з якімі мы супрацоўнічаем даўно. Радыёрэкляма — яна недарагая, многа не патраціш. На тэлевізіі зусім іншыя расцэнкі. Галоўнае — не памыліцца радыёстанцыяй.

ІЛ: Рэклямадаўцаў многа не бывае! Але апошні час іх большае. Яны нарэшце зьвярнулі на нас увагу, зразумелі, што рэйтынг 12 % — гэта шмат.

НБ: Якая праблема сёньняшняга дня для «Аўтарадыё»?

ЮБ: Праблема сёньняшняга дня — у беларускіх музыкантах. Хочацца ім пажадаць, каб яны больш тварылі. Я не кажу пра папсу — яе якраз досыць. А вось сапраўдным творцам хочацца пажадаць больш шчасьця ў жыцьці, або, наадварот, больш дробных праблемаў, — каб іх прабівала на творчасьць. Каб страсянуліся — ух! — і выдавалі больш шэдэўраў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0