Як варта ацэньваць зьяўленьне расейскамоўнай праграмы на Белсаце? Хто і як вызначае мову беларускіх мэдыяў? Што павінна і што не павінна дыктаваць дзяржава наконт моўнай палітыкі мэдыяў? Шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і заснавальнік парталу TUT.BY Юры Зісер абмяркоўвалі гэтыя пытанні ў праграме Юрыя Дракахруста на Svaboda.org.

Дракахруст: Тэлеканал «Белсат», які вяшчае з Польшчы, зьбіраецца адкрыць расейскамоўную праграму. Гэтае рашэньне выклікала гарачую дыскусію. Такую ж дыскусію спарадзіла ў свой час рашэньне адкрыць на «Нямецкай хвалі» беларускую праграму па-расейску. Насамрэч, спрэчкі і тады і зараз былі не адно пра гэтыя канкрэтныя невялікія праекты самі па сабе, а пра прынцыпы. Удзельнікі нашай перадачы — кіраўнікі адных з самых буйных прыватных мэдыя-праектаў у Беларусі. Але напачатку — усё ж пра новую расейскамоўную праграму Белсату. Вашае стаўленьне да гэтай ініцыятывы?

Андрэй Дынько.

Андрэй Дынько.

Дынько: Што да [стварэньня расейскамоўнай праграмы] Белсату, то гэта прыклад таго, чым ёсьць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, дзе вырашальны чыньнік — гэта польскі чыноўнік, які не разумее асаблівасьцяў працэсу. У вас нізкія рэйтынгі? Як павысіць рэйтынгі? Ну давайце па-расейску будзем рабіць. Белсат мае пэўны імідж, пэўную нішу, і што там адна расейскамоўная праграма зьменіць? Нічога яна ня зьменіць, гэта абсурд. Тут пытаньне ў фармаце Белсату. Яны рабілі і робяць клясычны тэлеканал у эпоху інтэрнэту, калі аўдыторыя тэлеканалаў і значэньне тэлеканалаў звужаецца. Хай бы яны перайшлі ў YouTube працаваць, рабілі б там ролікі. На дзьвюх мовах рабіце гэтыя ролікі, агучка і субтытры па-расейску вам павялічаць сабекошт на 5%, але вы будзеце мець дзьве вэрсіі. Замест гэтага зьяўляецца рускамоўная праграма…

Дракахруст: І Юры, ваша ацэнка. Як вы ставіцеся да зьяўленьня такой праграмы ў межах Белсату?

Зісер: Я стаўлюся станоўча, бо больш, чым 90% насельніцтва Беларусі ўсё ж такі размаўляе па-расейску і зь беларускай мовай пасьля школы асабліва не сустракаліся. Але Андрэй таксама мае рацыю ў тым, што там, відаць, няма дакладнай стратэгіі, польскае кіраўніцтва проста не разумее, што тут адбываецца, у іх нейкія свае стэрэатыпы, і яны проста не даюць магчымасьці беларусам рабіць тое, што яны хочуць. Таму посьпех будзе абмежаваны, у гэтым я з Андрэем салідарны.

Дракахруст: Я не зразумеў, чым абмежаваны посьпех? Але давайце мы пагаворым больш шырока. Андрэй сказаў, што кепска, калі дзяржава вырашае за СМІ. Але пытаньне аб мове вашых выданьняў вырашылі ўсё ж такі вы, а не дзяржава. Вынікі атрымаліся фактычна супрацьлеглыя. Так, на TUT.BY прысутнічаюць элемэнты на беларускай мове, на «Нашай Ніве» — элемэнты на расейскай мове. Але ў прынцыпе для ўсёй беларускай публікі «Наша Ніва» — гэта беларускамоўнае выданьне, а TUT.BY — расейскамоўнае. І калі вы прымалі рашэньне, якім будзе вашае выданьне, чым вы кіраваліся?

Юрый Зісер.

Юрый Зісер.

Зісер: У нас усё вельмі проста. У нас няма аніякай зьнешняй падтрымкі, таму мы павінныя абапірацца толькі на даходы ад рэклямы, таму трэба максымізаваць аўдыторыю. І наша мэта — яе максымізацыя. Паколькі больш 90% аўдыторыі — расейскамоўныя, то мы вымушаныя ў асноўным арыентавацца на расейскамоўную аўдыторыю.

Дракахруст: Юры, а гэтая лічба — 90% — яна адкуль вынікае? Паводле перапісу ўсё ж не зусім так, паменш будзе.

Зісер: Усё нават горш. Па нашых падліках, беларускамоўным інтэрфейсам TUT.BY карыстаецца толькі каля 1.5% карыстальнікаў.

Магчыма, гэта таму, што ёсьць «Наша Ніва», дзе ёсьць толькі беларуская мова. Але мы насамрэч прытрымліваемся Канстытуцыі, дзе прапісанае дзьвюхмоўе. У нас партал дзьвюхмоўны. Ёсьць навіны, якія выходзяць і на расейскай. і на беларускай мовах адначасова. Ёсьць тэксты, якія выходзяць толькі на беларускай мове. Мы ніяк не абмяжоўваем журналістаў у выбары мовы.

Ну і, канешне, часам плакаць хочацца. Напрыклад, нядаўна быў цудоўны матэрыял, як беларус сустракаўся з чатырма прэзыдэнтамі ЗША і прывёз аднаго зь іх у Менск. 30 траўня быў гэты цудоўны артыкул. На расейскай мове яго б прачытала, напэўна, тысяч сто, а на беларускай яго ўсяго 10 000 чалавек прачытала. Проста крыўдна за працу.

Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст.

Дракахруст: Юры ўжо прывёў дадзеныя па наведвальнасьці рускамоўнага тутбая і беларускамоўнага. У апошняга наведвальнасьць значна менш. Але я памятаю нейкі час была публікацыя на «Нашай Ніве» пасьля таго, як у газэты зьявілася расейскамоўная старонка. Паводле гэтых дадзеных атрымлівалася, што беларускамоўную старонку наведвалі значна больш, чым расейскамоўную таго ж самага выданьня. То бок атрымоўваецца, што справа ня толькі ў мове. Калі кіравацца лёгікай спадара Зісера, то павінна было б быць, што нават на «Нашай Ніве» людзі павінныя былі б хапацца за расейскамоўную старонку. Але гэтага не адбываецца. Чаму?

Дынько: Ёсьць два моманты. Па-першае, на TUT.BY стаіць па змаўчаньні расейскамоўны інтэрфэйс. Калі вы паставіце беларускамоўны па змаўчаньні, то людзі будуць карыстацца гэтым беларускамоўным інтэрфэйсам. Калі будуць унутры артыкул па-расейску, але назвы рубрык, напрыклад, будуць па-беларуску ці нейкія яшчэ тэхнічныя надпісы, людзі будуць гэтым карыстацца.

Тое самае на Хартыі.

Калі па змаўчаньні стаіць расейская мова, людзі не будуць нічога зьмяняць спэцыяльна. Гэта як «правіла кефіру»: калі чалавек прыходзіць у краму, ён бярэ той кефір, які там ёсьць.

Ёсьць «Савушкаў прадукт», ён бярэ «Савушкаў прадукт». Няма яго — бярэ «Полацкае малако». Ён не будзе ісьці ў іншую краму, каб купіць іншы кефір. Вельмі мала спажыўцоў, якія пойдуць у іншую краму па іншы кефір.

Але другі момант у тым, што «Наша Ніва» арыентаваная на тых людзей, якія хочуць чытаць па-беларуску. І тут бяз розьніцы, расейскамоўная вэрсія ці беларускамоўная на НН — яны абедзьве арыентаваныя на тых людзей, якія хочуць чытаць па-беларуску. І таму гэтыя людзі ідуць на «Нашу Ніву».

Матэрыялы нашай расейскамоўнай вэрсіі перакладзеныя з беларускай мовы, яны зьяўляюцца пазьней, бо мы спачатку пішам па-беларуску, а потым ужо перакладаем на расейскую. І гэта пытаньне таго, чаго мы хочам дасягнуць. За апошнія 25 гадоў Беларусь русыфікавалі ўжо амаль дарэшты. Цяпер беларуская мова ў Менску, у гарадах практычна нідзе не гучыць па-за межамі кватэраў.

Пытаньне ў тым, ці мы ўспрымаем гэту сытуацыю як нармальную? Калі для нас гэта ненармальна, калі хочам яе зьмяніць, то мы мусім нешта рабіць для гэтага, само сабой нічога ня зьменіцца.

Мусіць быць дзеяньне — толькі дзеяньне зьмяняе.

Дракахруст: Вось як раз пытаньне наконт дзеяньняў. Варта сказаць, што ў гісторыі такая моўная сытуацыя зусім не ўнікальная. Напрыклад, у 1918 годзе Чэхаславаччына набыла незалежнасьць, тады прынамсі ў Празе, прынамсі сярод інтэлігенцыі вельмі шмат людзей гаварыла па-нямецку. Вялікі Кафка, які, дарэчы, ведаў чэскую мову, але пісаў толькі па-нямецку. Але калі прыйшла новая ўлада, чэхаславацкая ўлада, друк у гэтай краіне паціху стаў чэскім.

Іншы прыклад — Ізраіль. У момант утварэньня гэтай дзяржавы на іўрыце гаварыла меншасьць яўрэяў сьвету. Людзі гаварылі на ідыш, на іншых мовах, але зараз там усё выдаецца на іўрыце, і магчыма гэта было зроблена ў тым ліку і дзеяньнямі дзяржавы. Вось сказала бы вам дзяржава зрабіць старонку беларускай, вы б зрабілі, Юры?

Зісер: У нас у тэкстах навінаў ёсьць і беларускія кавалкі. Мы ж бярэм тэкст і інтэрвію на тых мовах, на якіх размаўляюць пэрсанажы. Мы нічога не перакладаем, у нас проста няма на гэта часу, бо нікому не патрэбныя ўчорашнія навіны. Я ўжо не кажу пра грошы, часу няма. І дарэчы, раз на год у дзень роднай мовы беларускамоўны інтэрфэйс уключаецца аўтаматычна для ўсіх. І каб вы ведалі, як шмат людзей незадаволеныя.

Дракахруст: Юры, а калі б дзяржава загадала, што любое выданьне ў Беларусі павінна быць па-беларуску. Ці моцна б гэта зьмяніла вашую аўдыторыю?

Зісер: Вы ведаеце, людзі сышлі б проста на іншыя рэсурсы. Гэта пытаньне зручнасьці. Так, у мовы шмат функцыяў, але асноўная — гэта камунікацыя.

Чалавек любіць чытаць на той мове, якую лічыць матчынай мовай. І калыханкі большасьці сучасных беларусаў іх маці сьпявалі па-расейску. І гэта трэба ўлічваць.

Мэта такая ёсьць, і мэта вельмі высакародная. Трэба ўкараняць беларускую мову, трэба яе падтрымліваць. І мы таксама гэтым займаемся, былі цэлы год заняткі беларускай мовы. Але мы не можам сабе гэта дазволіць як самамэту. Мы ўсё ж рэсурс навінаў.

Дракахруст: Андрэй, вы прыгадалі кефір, а я прыгадаў цікавы артыкул, які пэўны час таму апублікаваў вядомы дасьледчык, аўтар тэорыі чорнага лебедзя Насім Талеб. Гэта артыкул пра ролю меншасьцяў. І ён распавядае пра сытуацыю ў Злучаных Штатах, што там ёсьць вельмі невялікая мусульманская меншасьць. Мусульмане спажываюць халяльныя прадукты (асаблівым чынам прыгатаваныя). Мусульман там выразная меншасьць. Але яны вельмі матываваныя, каб прадукты былі толькі халяльныя. А астатнім няма розьніцы.

І ў выніку дзеяньняў, патрэбаў гэтай матываванай меншасьці халяльнымі зрабіліся ледзь не сто адсоткаў прадуктаў. І вось Талеб распавядае, як меншасьць можа фактычна заваяваць большасьць, можа накінуць большасьці свае каштоўнасьці, бо яна вельмі матываваная, а большасьці па вялікаму рахунку ўсё роўна. Гэтак жа і ў Беларусі — гэтыя 90%, пра якіх кажа спадар Зісер, яны ж усе ведаюць беларускую мову. Дык вось калі гэты мэханізм, апісаны Талебам, працуе, а калі не працуе?

Дынько: Па-першае, перш чым папракаць Тутбай, давайце папракаць беларускую дзяржаву. Не прыватнікі, а дзяржава павінна праводзіць моўную палітыку, і палітыка мусіць быць комплексная. 

Няхай генэралы загавораць па-беларуску, тады СМІ самі пераарыентуюцца.

Для СМІ не трэба загады, трэба палітыка спрыяньня, палітыка пазытыўнай дыскрымінацыі.

Беларускамоўныя моцна ўплываюць на грамадзтва, бо яны актыўныя. Яны пішуць, яны патрабуюць, яны адчуваюць сваё маральнае права. 

Юры кажа, што цяпер беларускія матулі сьпяваюць дзецям калыханкі па-расейску… А вось яшчэ ў 60-70 гадах сьпявалі па-беларуску. А пасьля таталітарная дзяржава ўзяла і перавяла людзей на іншую мову. Ці не дае гэта нам маральнае права прэтэндаваць, каб усё ж такі мы вярнулі, — можа ўжо не матчынай, а бабчынай мове, — вярнулі ёй месца, якое яна мела. Бо не павінная мова, на якой тут сотні гадоў гаварылі, не павінная зьнікаць, гэта пытаньне справядлівасьці.

А па-другое, гэта яшчэ пытаньне нацыянальнай бясьпекі — мова. Рана ці позна той ці іншы кіраўнік Расеі на тым ці іншым гістарычным этапе паспрабуе анэксаваць расейскамоўныя тэрыторыі, што мяжуюць з Расеяй. І каб гэтага не стала, Беларусь павінная гаварыць па-беларуску. Яна і па-расейску, і па-ангельску няхай адначасова гаворыць. Так вось Казахстан, напрыклад, спрабуе зараз зрабіць. Беларуская мова не павінна быць замест іншых моваў, яна павінна быць у дадатак да іншых моваў. Так каталёнцы цяпер робяць. Каталёнскі прыклад нацыянальнага і моўнага адраджэньня — гэта той прыклад, які для мяне ўзор. Беларусь павінна ісьці той самай дарогай.

Раз мы будуем дзяржаву, значыць мы будуем. У тым ліку і ў моўным пытаньні.

Дракахруст: Юры, зараз да вас тое ж пытаньне — пра гэты прыклад Талеба, пра яго аналіз. Ён, канешне, прыгожы, але справа ў тым, што на адзін прыклад, калі меншасьць навязвае свае каштоўнасьці, свае прынцыпы, хіба ня 10 ці 100 адваротных. Беларуская сытуацыя падобная да тую, якую апісаў Талеб? І калі не, то чаму?

Зісер: Перайсьці на халяльнае мяса вельмі проста, гэта можна зрабіць за адзін дзень, бо яно нічым не горш за нехаляльнае. А каб зьмяніць мову — патрэбныя дзесяцігодзьдзі, калі не стагодзьдзі.

Трэба, каб тры пакаленьні зьмяніліся, каб нашы генэралы загаварылі па-беларуску і пачынаць трэба наўпрост з дзіцячага садку, са школы. Павінна быць комплексная дзяржаўная праграма, і гэта не можа быць зроблена гвалтоўнай зьменай мовы СМІ па нейкім загадзе. Бо мова — частка нас.

І невыпадкова, што Зянон Пазьняк у 1994 годзе атрымаў усяго некалькі адсоткаў — гэта як раз была тая аўдыторыя, якая была гатова перайсьці на беларускую мову, астатнія былі проста не гатовыя. І я магу прыводзіць шмат прыкладаў, проста не хачу займаць час, як людзі рэагуюць, калі да іх зьвяртаесься па-беларуску.

Дракахруст: Юры, але тут справа менавіта ў дзеяньнях дзяржавы ці ў нейкіх рынкавых мэханізмах, якія працуюць альбо не працуюць? Бо ў сытуацыі халяля ў ЗША не дзяржава вырашала, а рынкавыя суб'екты, такія як вы, альбо «Наша Ніва», яны проста прымалі такія рашэньні, хаця гэта трэба было толькі некалькі адсоткам іх спажыўцоў.

Зісер: Калі б дзяржава загадала нам перайсьці на беларускую, дык дзяржава нас гэтым бы і зьнішчыла б.

Бо нам дастаткова згубіць некалькі дзесяткаў адсоткаў аўдыторыі, і ніхто не будзе замаўляць у нас рэкляму. Людзі сыдуць на mail.ru замаўляць, на yandex, і аўдыторыя пяройдзе да іх. Пры пераходзе на беларускую мову, у нас аўдыторыя ўпадзе ў некалькі разоў. Няхай не ў 10 разоў, не ў 50, але ўпадзе. Мы проста гэтага не можам дазволіць сабе, дзяржава нас тым самым проста закрые.

Гэта нельга зрабіць у адзін момант, бо гэта зьвязана са звычкамі, якія ўкараніліся ў сьвядомасьці і падсьвядомасьці людзей. Мова ня можа быць зьмененая па загадзе, гэта нонсэнс.

І калі ўзгадаць Ізраіль, то так — там было ўсё ня проста, размаўлялі на ўсіх мовах. Але калі была шасьцідзённая вайна 1967 году, ў краіне паднялася такая хваля патрыятызму, што людзі самі масава перайшлі на іўрыт. А паглядзім на Ўкраіну 2014 году, дзе ўкраінскую мову ведаюць амаль усе, а для васьмі вобласьцяў на захадзе ўкраінская мова родная. І чамусьці ў іх такога не адбылося — яны працягваюць размаўляць па-расейску, глядзець расейскамоўныя каналы. Нават вайна не выклікала гэтай пераарыентацыі на ўкраінскую мову. То бок нават у лепшых умовах, чым у Беларусі, гэта вельмі складана. Ну і агульнасусьветныя тэндэнцыі — з-за глябалізацыі колькасьць моваў сьвету памяншаецца, і гэтай тэндэнцыі супрацьстаяць вельмі цяжка.

Дракахруст: Андрэй, вы ўжо казалі пра расейскую пагрозу, і з вашага пункту гледжаньня штык ідзе за мовай. Але калі мы паглядзім дадзеныя Gemius па беларускай мэдыйнай сытуацыі — што глядзяць, слухаюць, чытаюць, клікаюць беларусы ў інтэрнэце ў масавым маштабе? На першым месцы mail.ru, потым Yandex ці VK, трэцяе месца — TUT.BY. Ну вось перавядзем мы TUT.BY на беларускую. І хто тады акажацца на трэцім месцы? Баюся, што нейкае.ru. Дык не адказваецца, што ў масавым маштабе супрацьвага «рускаму сьвету» ў Беларусі — гэта расейскамоўны TUT.BY?

Дынько: Я з гэтым не спрачаюся.

Заслуга Тутбая неацэнная ў фармаваньні нацыянальнай сьвядомасьці, палітычнай сьвядомасьці. Тутбай сваім прафэсіяналізмам, сваёй адданасьцю прафэсіі робіць проста калясальныя рэчы.

Але калі мы хочам нешта мяняць, то мы павінны думаць, як мы можам гэта зьмяніць.

Зьмяняць можна, дзяржава можа мяняць. Дынько аднаму, Дракахрусту аднаму ці адной тэлепраграме гэта не пад сілу, але калі ёсьць комплексная дзяржаўная палітыка, то гэта цалкам рэальна.

Часам некаторымі народ успрымаецца, як нейкая тупая маса. Ня трэба яго недаацэньваць. У нашым народзе ёсьць і патрыятызм, і жаданьне больш гаварыць па-беларуску, і сацыёлягі гэта пацьвярджаюць.

Некалькі разоў было дасьледаванае гэта пытаньне, і больш за 50% кажуць, што яны хацелі б больш беларускай мовы ў СМІ.

Юры кажа, што, калі нам загадаюць перайсьці на беларускую мову, то Тутбай лясне і прайграе і выйграюць mail.ru і Yandex. Але вось цяпер ва Ўкраіне закрылі Yandex, і што? Выжыла Ўкраіна, не ўпала неба на зямлю, і мясцовыя тамтэйшыя Тутбаі не закрываюцца ад таго, што там ВКонтакте закрылі. Калі мэта ўмацаваньня нашай дзяржавы, нашай супольнасьці, то любыя мовы добрыя. І мусіць быць мэта.

Дракахруст: Юры, да формулы Андрэя — калі мы хочам нешта мяняць, то мы мусім мяняць. А што вы гатовы зьмяніць? Вось беларуская мова зараз больш прысутнічае ці менш прысутнічае на партале? І ўвогуле — а на што яна вам на Тутбаі?

Зісер: У тым ліку для прасоўваньня беларускай мовы, нас гэта таксама хвалюе. І мы ахвотна пішам на беларускай мове. Калі наш аўтар піша на беларускай мове, мы яго так і даем.

Дракахруст: А ці робіце вы нейкія адмысловыя крокі для таго, каб беларускай мовы было больш, ці вы лічыце, што гэта не трэба? Можа вы лічыце, што трэба нешта зьмяняць, як кажа Андрэй, але не гэта?

Зісер: У нас няма такой задачы. Гэта проста не ўваходзіць у лік нашых прыярытэтных задачаў. То бок яно, зразумела, але мы не можам нічога рабіць, што зьмяншае ахоп нашай аўдыторыі. Гэта наш прынцып. А так мы робім і імпрэзы ў галерэі TUT.BY, і гэтыя курсы моўныя, і пераключаем у дзень мовы інтэрфэйс, і тэксты ёсьць увесь час па-беларуску. Пры гэтым яны ў большай прапорцыі, чым рэальны адсотак беларускамоўнай аўдыторыі.

І я ў сваю чаргу захапляюся тым, што робіць Андрэй Дынько, дзякуй вам, Андрэй, за добрыя словы.

«Наша Ніва» — гэта наш нацыянальны скарб, яна павінна разьвівацца і папулярызаваць беларускую мову.

Пераклад, дарэчы, праблему не вырашае, бо беларускамоўнаму чытачу патрэбныя іншыя тэксты, іншыя навіны, можа нават увогуле не навіны.

Дракахруст: Мяркую, што спрэчкі вакол рашэньня аб стварэньні расейскамоўнай перадачы на Белсаце ў значнай ступені абумоўленыя тым, што размова ідзе пра замежныя, эўрапейскія СМІ для Беларусі. У самой Беларусі апошнім часам зьявіўся шэраг вельмі цікавых мэдыйных праектаў, створаных маладымі людзьмі, «дзецьмі незалежнасьці» — КУКУ, Сіцідог, Большой. І робяцца яны на расейскай мове і ніхто іх асабліва не папракае. Чаму ж замежнікі мусяць рабіць іншы выбар, чым, скажам, беларуска Саша Раманава?

Дынько: КУКУ робіцца дзеля грошай. А Белсат у сваёй задуме быў дзеля каштоўнасьцяў. І ў гэтым сэнсе глядач можа сказаць — што ж у вас за каштоўнасьці, калі вы за грошы можаце і мову памяняць. Што дасьць гэтая рускамоўная праграма для Белсата? Гэта ні ў сэнсе фінансавым, ні ў сэнсе практычным не дасьць нічога.

Я кажу — перакладайце свае праграмы паралельна на расейскую мову і выстаўляйце ў YouTube. Гэта вам павялічыць бюджэт на 5% і вы будзеце мець дзьве вэрсіі. Гэта што да Белсату.

А што агулам да нашай гутаркі, то, Юры, я ў вашай пастаноўцы пытаньняў пабачыў спробу сутыкнуць нас ілбамі з Юрыем Зісерам, а мы ўсё ўпарта не хочам сутыкацца. Таму што я, напрыклад, адчуваю маральную і інтэлектуальную блізкасьць з Юрыям Зісерам. Мала людзей у Беларусі, зь кім я адчуваю такую блізкасьць, як зь ім.

І гэта, мне падаецца, важная аснова.

Вось Зісер — чалавек, які прыехаў у Беларусь ужо ў сталым веку, і ён робіць Тутбай па-расейску, а я раблю «Нашу Ніву» па-беларуску, мы вельмі блізкія, і гэта ёсьць аснова для будучыні. І мы павінны рабіць нейкія наступныя крокі, каб яшчэ больш збліжацца. Толькі гэтыя крокі мусяць быць асьцярожныя.

Мы ня можам ніякіх загадаў рабіць у гэтай сфэры, мы не можам сказаць, што «з заўтрашняга дня мы мяняем мову», гэта ніколі не будзе рэальнасьцю. Але што мы мусім рабіць? Мы мусім мець ясны плян, што заўтра мы зробім маленькі крок, пасьлязаўтра яшчэ адзін, і так, урэшце, праз 10 гадоў, праз 20, праз 30 гадоў мы зробім нашую краіну лепшай.

Дзякуючы гэтым маленькім крокам, мы станем яшчэ бліжэйшымі, яшчэ больш салідарнымі. Вось так я бачу моўную палітыку, якая павінна быць у нашых СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?