Аляксандра Сасновіч.
Прэмія Heart Award уручаецца ад 2009 года. Ёй узнагароджваюць тэнісістак, якія прадстаўляюць сваю краіну на Кубку Федэрацыі і пры гэтым з'яўляюцца прыкладам адвагі на корце і адданасці камандзе.
Сёлета Аляксандра Сасновіч у складзе нацыянальнай зборнай абыграла галандскіх тэнісістак Кікі Бертэнс і Міхаэлу Крайчак, а таксама швейцарак Вікторыю Галубіч і Цімеа Бачынскі.
Дарэчы, у красавіку 2017-га прэмію Heart Award уручылі яшчэ адной беларусцы — Арыне Сабаленка. У 2011 годзе ўладальніцай гэтай прэміі была Вікторыя Азаранка, піша «Еўрарадыё».
Каментуючы ўзнагароджанне, Сасновіч заявіла, што гэта стала для яе нечаканасцю.
«Пасля першай перамогі я накіравала сродкі ў памеры 6500$ на рэабілітацыю за мяжой пасля цяжкай хваробы маленькага хлопчыка з Гродна.
Цяпер я знаходжуся ў роздумах, бо ў мяне ёсць некалькі варыянтаў, куды накіраваць грошы: набыць спецыяльны вазок для беларускага тэнісіста-вазочніка; закупіць тэнісны інвентар ў адзін з рэгіёнаў Беларусі; адправіць сродкі ў беларускі фонд развіцця тэніса для аказання матэрыяльнай дапамогі юным тэнісістам», — цытуе by.tribuna.com планы, якімі падзялілася спартоўка.