У выдавецтва «Лімарыус» выходзіць Збор твораў Уладзіміра Дубоўкі ў двух тамах. Гэта самае поўнае выданне напісанага выдатным пісьменнікам: вершы, паэмы, проза, артыкулы, лісты. У збор твораў уключаны таксама пераклады, у тым ліку пераклады санетаў Уільяма Шэкспіра, якія ў свой час сталі значнай падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі.

Уклаў Збор твораў Дубоўкі супрацоўнік Нацыянальнай біблятэкі Беларусі Дзмітрый Давідоўскі. Каментары да твораў пісалі Давідоўскі і паэт, гісторык літаратуры, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль. Аўтар прадмовы — таксама паэт (а дакладней — паэтка) і кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч.

Збор твораў Уладзіміра Дубоўкі выходзіць у серыі «Галасы Айчыны». Раней у гэтай серыі былі выдадзены двухтомнік Ларысы Геніюш, а таксама тамы паэтаў-эмігрантаў Алеся Салаўя, Уладзіміра Дудзіцкага і Янкі Юхнаўца.

Прэзэнтанцыя Збору твораў Уладзіміра Дубоўкі пачнецца 12 чэрвеня а 19-й гадзіне ў галерэі ТУТ.БАЙ (праспект Дзяржынскага, 57, 9-ты паверх). Гэта будынак бізнэс-цэнтру Omega Tower каля станцыі метро «Міхалова».

Кніга выдадзена выключна для падпісчыкаў, але на прэзэнтацыю запрашаюцца ўсе жадаючыя. Будзе спяваць Алесь Камоцкі, будуць гучаць вершы Дубоўкі, выступяць цікавыя людзі, якія маюць дачыненне да выдання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0