Вялікія беларускія паэты эпохі камунізму ўсё яшчэ чакаюць бесстароньняга перачытаньня і бясстрашнае інтэрпрэтацыі. Піша Аляксандар Фядута.

Вялікім беларускім паэтам эпохі камунізму – а Танк, як і Куляшоў, Панчанка, бессумнеўна, зь іх шэрагу – неабходна дачакацца таго часу, калі чытаць іх будуць менавіта як паэтаў – бяз гневу і староннасьці, упісваючы ў кантэкст сучаснай ім эўрапейскай і сусьветнай літаратуры. І, мажліва, гэты час хутка прыйдзе.

Але менавіта дзеля таго, каб такое ў прынцыпе магло стацца мажлівым, каб укладальнікі мелі рэальны шанец працаваць з усім паэтычным матэрыком аўтарскіх тэкстаў, і патрэбны ПЗТ. Акадэмічная навука мусіць задаць пэўную сыстэму каардынатаў – эстэтычных, маральна-этычных, але галоўнае – гістарычных, у каторыя і будзе ўпісана творчасьць паэта.

Натальля Арсеньнева, якой сёньня зноў няма ў праграмах, і Максім Танк захапляліся паэзіяй адно аднаго. Вільня, 1936.

Два першыя тамы ПЗТ Максіма Танка, не бяз шыку 1930-х гг. апранутыя ў колер хакі ды ў завяршэньне падабенства аздобленыя фотапартрэтамі маладога Танка – яшчэ пазбаўленага будучага намэнклятурнага лоску і сталай мудрасьці, з фанатычным бляскам у вачох, Танка, няўлоўна падобнага на беларускага тэрарыста №1 тае эпохі Сяргея Прытыцкага, – былі пакліканыя пракласьці шлях да стварэньня такой сыстэмы каардынатаў. Аднак гэтага не адбылося.

Не адбылося, бо беларускае акадэмічнае літаратуразнаўства так і не наважылася стаць літаратуразнаўствам у поўным значэньні гэтага слова. Чытачам пададзены вынік працы тэкстолягаў і эдытараў – ня болей. У звароце «Ад рэдкалегіі», што распачынае першы том ПЗТ, сарамліва сказана з гэтай нагоды: «Камэнтар абмяжоўваецца бібліяграфічна-тэксталягічнай характарыстыкай твораў, якая ўключае інфармацыю пра час напісаньня вершу, яго першапублікацыю і пра тое, паводле якой крыніцы падаецца асноўны тэкст. Тут жа прыводзяцца выяўленыя варыянты – паводле ўсіх публікацый, а таксама на аснове захаваных і расчытаных белавых і расшыфраваных чарнавых аўтографаў, даюцца зьвесткі пра месца знаходжаньня рукапісаў і г.д.».

Каб зразумець, пра што вядзецца, нагадаю чытачу (упішу ў кантэкст, калі ўжо сам заклікаю да гэтага калегаў), як рыхтаваўся першы «ўзорны» ПЗТ сталінскай эпохі – так званы Вялікі акадэмічны ПЗТ Пушкіна. Быў створаны адмысловы камітэт на чале з Максімам Горкім. Быў падрыхтаваны «пробны» том – том сёмы, што ўлучаў пушкінскую драматургію. Ён выйшаў малым накладам з камэнтарамі клясыкаў савецкага літаратуразнаўства – Рыгора Вінакура, Дзьмітрыя Якубовіча, іншых. Сталін гэты том прачытаў увесь, асабіста.

Высновы гэтага «вялікага навукоўца» былі адназначныя: Пушкіна афіцыйна забаранілі камэнтаваць. Камэнтары былі замененыя эдыцыйнымі даведкамі акурат паводле тае схемы, якую і прапаноўваюць удзячнаму чытачу сябры рэдкалегіі ПЗТ Максіма Танка. Праз 70 год пасьля Сталіна!

Сказаць, што Танк 1930-х – 1950-х гадоў, часу, што даўно стаў гісторыяй і патрабуе асэнсаваньня, не вымагае камэнтатарскай работы – відавочнае глупства! І рэдкалегія ПЗТ таго ня кажа (яны ж ня дурні). Але і не камэнтуе.

Гэта зразумела. Возьмем эпіграмы Танка.

    Іржа Іржавіч Эсэрман
    Калісьці атрымаў ад бацькі
    У спадчыну чырвоны бант
    Са сьветапоглядам лайдацкім.
    Ёсьць хлеб, соль, грошыкі ў яго,
    Дыплём акадэмічны мае...
    Але – для крытыка майго –
    Яшчэ шмат клёпак не хапае.

Калі рэдактары тому ўпэўненыя ў тым, што школьны настаўнік, студэнт, любы некваліфікаваны чытач у стане што-кольвек зразумець з гэтага вершу, наважуся зь імі паспрачацца. І такіх вершаў, што пазбываюцца ўсялякага сэнсу па-за гістарычным кантэкстам, у першых двох тамох ПЗТ даволі багата.

Тое самае было і з Пушкіным. Але варта памятаць, што пасьля завяршэньня публікацыі ВАПЗТ Пушкіна паводле рашэньня прэзыдыюму АН СССР пачалі выходзіць адмысловыя выданьні: «Пушкин. Исследования и материалы» (з 1954 г.) і «Временник Пушкинской Комиссии» (з 1961 г.). Фактычна ў рэжыме штодзённай работы Пушкінская камісія АН СССР займалася вяртаньнем страчанага – камэнтаваньнем клясыка. І толькі дзякуючы гэтаму галоўны адрасат любой кнігі – чытач – атрымаў мажлівасьць зразумець, пра што пісаў Пушкін.

Ужо ў 1970-я, карыстаючы з паслабленьня цэнзурнага ціску, Інстытут расейскай літаратуры АН СССР (Пушкінскі дом) распрацаваў прынцыпова іншую схему выданьня ПЗТ. Кожны том ПЗТ Тургенева (адказны рэдактар акадэмік Міхаіл Аляксееў), Астроўскага (прафэсар Уладзімер Лакшын), Някрасава (прафэсар Барыс Мельгуноў), Дастаеўскага (акадэмік Георгі Фрыдлендэр) меў адмысловы артыкул, дзе чытачу распавядалася, што адбывалася ў гэты пэрыяд з аўтарам, з краінай, з публікай, як Гісторыя ўрывалася ў літаратурную творчасьць канкрэтнага клясыка. Бывала, гэты артыкул займаў да чвэрткі (!) тому!

Тое, што прапанавалі чытачу ўкладальнікі і рэдактары ПЗТ Танка, – крок назад калясальны! Не ў савецкую нават – у сталінскую эпоху. Каб у гэтым пераканацца, досыць будзе ўчытацца ў другі том Збору твораў.

Пазбаўлены хоць якіх-кольвек тлумачэньняў, Максім Танк паўстае перад чытачом як… сталініст. Прачытаем адвольна ўрыўкі зь ягоных вершаў 1939–1954 г.

    Нямала ёсьць сонечных песьняў такіх,
    Як гэта, зь якой мы век дружым, –
    Пра Сталіна і пра яго баявых
    Паплечнікаў верных і мужных.

Або:

    Сталін даў нам арліныя крыльлі,
    Каб ня зналі мы зморы ў баю,
    Каб, узьняўшы ў палёт эскадрыльлі,
    Баранілі радзіму сваю.

Або:

    І думае ён аб краінах, народах,
    Аб днях камунізму, што сонца ярчэй,
    Аб новых каналах, пасёлках, заводах,
    Аб шчасьці мільёнаў працоўных людзей.

Пракамэнтаваць зьяўленьне такіх радкоў надзвычай проста. Танк – паэт Заходняй Беларусі, паэт-рэвалюцыянэр, які адседзеў свой арышт у турме ў буржуазнай Польшчы, шчыра ўдзячны Сталіну за ўзьяднаньне дзьвюх частак Беларусі ў адно цэлае. Абок таго, Танк – перакананы камуніст, які ў гэты пэрыяд верыць у Сталіна, як у Бога. Напішэце гэта, панове акадэмічныя «літаратуразнаўцы», – і любы нармалёвы чытач адразу зразумее, што гэтая Танкава шчырасьць дарагога варта – значна даражэй, чым каньюнктуршчына паэтаў-чыноўнікаў, што апяваюць будучых правадыроў, у тым ліку й беларускіх. У Танка ж нават у сталінскіх вершах няма бяздарных і бездапаможных рыфмаў кшталту «Товарищ президент, / Настанет тот момент…». Дый саромецца няма чаго: у тую пару зусім аналягічныя Танкавым вершы пішуць Люі Арагон, Бэртальд Брэхт, Юліян Тувім. Бясспрэчныя ж клясыкі! Так і трэба гэта растлумачыць.

Але даць любое тлумачэньне – значыцца, узяць на сябе адказнасьць. А ў нашай акадэмічнай сыстэме адказнасьці за тлумачэньне, выглядае на тое, ніхто браць на сябе ня хоча. У выніку чытач і атрымлівае ня «сталіншчыну» нават літаратуразнаўчую, але «гніламёдаўшчыну», што яшчэ горш: відавочны навуковы анахранізм «уцюхіваецца» яму праз 53 гады пасьля сьмерці «бацькі народаў»! І не таму, што Лукашэнка прачытаў спробны том і камэнтары яму не спадабаліся, а толькі праз намэнклятурную баязьлівасьць: а раптам прачытае, а раптам прыйдзецца недаспадобы?! І не Лукашэнку нават, а якомусь чарговаму Скобелеву.

ПЗТ Танка становіцца калясальным «крокам назад» нават насупраць ПЗТ Янкі Купалы. Купалу мы ў стане сёньня агарнуць разуменьнем яшчэ і таму, што большая частка ягоных галоўных тэкстаў была вядомая сучасным (не Купалу, а нам) чытачам задоўга да зьяўленьня ПЗТ. А што было б, калі б выйшаў у сьвет асобна том ягоных вершаў, напісаных прыблізна ў тыя самыя гады, што і выдадзеныя ў якасьцi ПЗТ вершы Танка?! Божа мой, гэта было б ужо не самагубства, але забойства клясыка – калі б чытача абмежавалі на пэўны час «ляўкоўскім цыклем».

Але ж менавіта так і зрабілі выдаўцы ПЗТ – абмежавалі нас паэзіяй сталінскае эпохі.

Выпадае толькі ўсклікнуць разам з самім Максімам Танкам:

    І сёньня вы – каго паэт любіў,
    З кім разам жыў – у сьмерць яго ня верце.
    Калі на час ён, змораны, спачыў,
    На варце стойце славы і бясьсьмерця!

Танк любіў свайго чытача і верыў у яго. Апошні спадзеў – што чытач сам, без дапамогі ўпаўнаважаных урадам літаратуразнаўцаў, адрозьнiць жамчужныя зярняты паэзіі Танка ад акадэмічных плевелаў і, прыняўшы як належнае, як гістарычнае зьявішча «савецкага Танка», забудзецца пра саўковы ўзровень падрыхтоўкі яго Поўнага збору твораў.

Шкада, канечне, што менавіта Танку, аўтару «Люцыяна Таполі» і «Нарачанскіх соснаў», так не пашэнціла.

Зрэшты, такая няўдача не ўпершыню. У верасьні 1994 г. супрацоўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ніна Марчанка распавяла мне пра стан здароўя Яўгена Скурка. Разам мы падрыхтавалі цыдулку на імя прэзыдэнта з просьбаю вылучыць грошы на лекі для клясыка. Няшмат: тысячу даляраў.

Рэакцыя прэзыдэнта была станоўчай. Аднак яе перакрэсьліла іншая рэзалюцыя – векапомнага кіраўніка справамі Івана Ціцянкова: «Грошай няма».

Чытаючы сарамлівую спасылку на «сьціслы тэрмін падрыхтоўкі» ў рэдакцыйнай прадмове, хочацца ўзвыць ад крыўды й болю: людзі, досыць гаварыць эўфэмізмамі, то бок – маніць! Скажэце сумленна: грошай для Танка зноў няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0