Еўракамісія абвясціла аб фармаванні Еўрапейскага абароннага фонду. Сродкі фонду будуць падзеленыя на дзве катэгорыі: выдаткі на навуковыя даследаванні, а таксама выдаткі на распрацоўкі і закупкі, паведамляе DW.

У 2017 годзе EC упершыню будзе раздаваць гранты на даследаванні інавацыйных абаронных тэхналогій, якія ў поўнай меры і наўпрост фінансуюцца з бюджэту ЕС. На гэтыя мэты да 2019 года закладзена 90 млн еўра (з улікам 25 млн еўра, выдзеленых у 2017 годзе). Мяркуецца, што пасля 2020 года гэты артыкул выдаткаў складзе 500 млн еўра штогод.

На распрацоўку і закупку ўзбраенняў і абаронных тэхналогій у 2019 і 2020 гадах будзе выдзелена агулам 500 млн еўра. Пасля 2020 года Еўракамісія разлічвае, што штогадовыя выдаткі па гэтым артыкуле будуць пастаянна павялічвацца і ў выніку дасягнуць узроўню ў 5 млрд еўра.

Еўракамісія таксама распрацавала тры магчымыя сцэнары далейшага ўзаемадзеяння краін Еўрасаюза ў галіне бяспекі і абароны. Больш дэталёва яны будуць абмяркоўвацца на саміце ЕС 9 чэрвеня ў Празе.

Першы сцэнар азагалоўлены «Супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і абароны» і прадугледжвае сумесныя дзеянні ў гэтай сферы на добраахвотнай аснове ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. Другі сцэнар пад назвай «Калектыўная бяспека і абарона» прадугледжвае больш высокі ўзровень кааперацыі, калі Брусель будзе граць большую ролю ў кібербяспецы, абароне межаў і барацьбе з тэрарызмам. Трэці план пад назвай «Агульная абарона і бяспека» прадугледжвае найвышэйшы ўзровень еўраінтэграцыі і фармаванне адзінай абароннай палітыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0